«Адкуль пайшлі славяне?» — пытанне, якое мучыла гісторыкаў стагоддзямі. І вось, міжнародная група даследчыкаў: генетыкаў з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі і Харватыі ўпершыню дакладна вызначыла прарадзіму славян.
#спецпроекты
21 ноября 2025
Паводле маштабнага даследавання, апублікаванага ў аўтарытэтным часопісе Nature, цэнтр фармавання славянскай супольнасці знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і поўначы Украіны. Навукоўцы прааналізавалі ДНК 555 старажытных людзей і выявілі, што каля VI–VIII стагоддзяў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе адбыўся радыкальны зрух генафонду. Новы генетычны кампанент, падобны да сучасных беларусаў, стаў дамінуючым ад Германіі да Балкан. Прычым перасяляліся не толькі ваяры, але і жанчыны — супольнасці рухаліся цэлымі сем’ямі.
Камп’ютарная мадэль вызначыла эпіцэнтр славянскай прарадзімы — ім стала ўсходняя Магілёўшчына і суседняя Браншчына, тэрыторыя беларускага этнічнага абшару. Славяне засвоілі каля 70% балцкай спадчыны і 30% генаў еўрапейскіх земляробаў — так сфарміраваўся наш генафонд.
Гэтае даследаванне разбурае савецкі міф пра тое, што цэнтрам славянства з’яўляецца Расія, а «галоўныя славяне» — рускія, у той час як астатнія славянскія народы толькі іх «малодшыя браты». Калі б у Беларусі існавала сапраўдная нацыянальна-культурная палітыка, з гэтай навуковай сенсацыі можна было б стварыць унікальную турыстычную «фішку». А Міністэрства культуры разам з МЗС маглі б прасоўваць беларускую мову як адну з найбольш старажытных і аўтэнтычных у славянскім свеце.