8 верасня Беларусь адзначае Дзень беларускай вайсковай славы. Менавіта ў гэты дзень 512 гадоў таму пад Оршай адбылася бітва, якая стала адной з самых гучных перамог у беларускай ваеннай гісторыі.
#события
8 сентября 2026
У 1514 годзе сітуацыя выглядала пагрозліва. Маскоўская дзяржава захапіла Смаленск і рушыла далей на захад. Спыніць яе павінна было войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага на чале з вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім.
Паводле сведчанняў сучаснікаў бітвы, пад камандаваннем Астрожскага было менш за 30 тысяч чалавек, у той час як маскоўскае войска налічвала каля 80 тысяч. І менавіта гэтая велізарная арда была ўшчэнт разбіта пад Оршай.
Астрожскі зрабіў стаўку не на колькасць, а на тактыку. Частка яго войска пачала ўдаваць адступленне. Маскоўскія палкі кінуліся за ёй, страцілі парадак і трапілі пад агонь схаванай артылерыі. Пасля гэтага войска ВКЛ перайшло ў контратаку.
Разгром быў настолькі сур'ёзным, што ў палон трапілі галоўнакамандуючы маскоўскага войска Іван Чаляднін і іншыя ваяводы. Перамога спыніла наступ Масквы і разбурыла ўражанне, што пасля падзення Смаленска шлях углыб ВКЛ ужо адкрыты.
Менавіта таму Аршанская бітва – гэта значна больш, чым проста чарговая дата ў падручніку. Яна стала прыкладам таго, як дзяржава, якой пагражаў мацнейшы ўсходні сусед, здолела не толькі выстаяць, але і нанесці яму цяжкае паражэнне.
Праз амаль пяць стагоддзяў дата атрымала новае жыццё. 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску беларускія афіцэры і вайскоўцы запасу прынялі прысягу на вернасць Беларусі. Так Аршанская перамога стала сімвалам ужо сучаснай беларускай вайсковай традыцыі.
За пяць стагоддзяў змянілася амаль усё – межы, назвы дзяржаў, зброя і спосабы вядзення вайны. Не змянілася адно – імкненне Масквы падпарадкоўваць суседнія народы сваёй волі. І, як пяць стагоддзяў таму пад Оршай, нам зноў даводзіцца адстойваць права самім вырашаць свой лёс і заставацца гаспадарамі на ўласнай зямлі.
І Орша нагадвае пра галоўнае – нават тады, калі Масква здаецца мацнейшай, яе наступ можна спыніць, а яе войска – разбіць.