© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Масонскія таямніцы Менску

А ці ведалі вы, што ў старым Менску існавала загадкавае месца, куды не маглі трапіць звычайныя людзі, будынак якога захаваўся па сёння?

#спецпроекты
11 мая 2026

У першай палове 19 ст., па вечарах, там збіраліся людзі ў белых пальчатках на таемныя цырымоніі. У доме адбываліся дзіўныя рытуалы, а ўдзельнікі называлі адзін аднаго "братамі". Жыхары суседніх вуліц стараліся абыходзіць будынак бокам.

Сёння гэты будынак стаіць у Мінску па адрасе Музычны завулак, 5. Але ён больш вядомы як “Дом масонаў”.

Менавіта тут у пачатку XIX стагоддзя збіраліся "вольныя муляры" – прадстаўнікі адной з самых закрытых структур таго часу. Унутры дома дзейнічалі дзве ложы – "Паўночны факел" і "Гара Табор", у якія ўваходзілі суддзі, чыноўнікі, выкладчыкі гімназій, літаратары і прадстаўнікі гарадской эліты. Першая аб’ядноўвала масонаў пачатковых ступеняў і лічылася адной з найбуйнейшых беларускіх ложаў – праз яе прайшло не менш за 215 чалавек. "Гара Табор", наадварот, была ўжо закрытым колам для "братоў" вышэйшага пасвячэння, куды ўваходзіла каля 30 месцічаў.

Кіраваў мінскімі "вольнымі мулярамі" юрыст і літаратар Ян Ходзька. Пазней яго змяніў Дамінік Манюшка – дзядзька знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі.

Жыццё ўнутры братэрства было цалкам падпарадкавана рытуалу. Усе прадметы і дзеянні падчас цырымоній мелі ў масонскай традыцыі ўласнае сімвалічнае значэнне. Перад пасвячэннем кандыдата замыкалі ў так званай "камеры разважанняў" – цесным памяшканні з чэрапам і свечкай. Пасля гэтага чалавеку завязвалі вочы, надзявалі на шыю вяроўку і ўводзілі ў паўцёмную залу, асветленую толькі агнём паходняў. Падчас цырымоніі кандыдат праходзіў праз розныя выпрабаванні, у тым ліку і праз "сімвалічную смерць" – будучага масона клалі ў труну перад яго "духоўным адраджэннем" у ложы.

Менскія "вольныя муляры" карысталіся ўласнай сістэмай шыфраў, тайных знакаў і ўмоўных абазначэнняў, зразумелых толькі пасвячоным. У дакументах многія словы запісваліся скарочана або шыфраваліся пры дапамозе спецыяльных табліц, якія рабілі перапіску незразумелай для іншых. Адным з найбольш вядомых масонскіх знакаў былі тры кропкі, размешчаныя трохвугольнікам, якімі пазначаліся тэксты і запісы, звязаныя з ложай. Нават летазлічэнне ва ўдзельнікаў ордэна было ўласным – масоны выкарыстоўвалі сістэму, у якой да звычайнага календара дадаваліся 4000 гадоў ад стварэння свету. Таму звыклы 1820 год у іх дакументах мог ператварацца ў 5820-ы.

Падчас сустрэч пасвячоныя выкарыстоўвалі тайныя жэсты і спецыяльныя словы-паролі кшталту кабалістычных "Боаз", "Яхін" і "Шыбалет", адмяжоўваючы свет масонаў ад звычайнага жыцця горада.

Аднак для "вольных муляроў" рытуалы былі не проста прыгожымі цырымоніямі, а часткай складанага эзатэрычнага вучэння. Яны верылі, што праз сістэму таемных ведаў, сімвалаў і пасвячэнняў чалавек здольны прайсці ўнутранае ператварэнне і наблізіцца да стану "дасканалага чалавека". Асаблівае месца ўнутры ложы займаў рытуал "Пошуку страчанага слова". Пасвячоныя лічылі, што існуе нейкае таемнае імя Бога, здольнае наблізіць чалавека да разумення таямніц свету. Для гэтага "браты" вывучалі кабалістычныя талкаванні Торы і Евангелля, а таксама розныя акультныя і філасофскія манускрыпты, спрабуючы знаходзіць схаваныя сэнсы ў лічбах, словах і сімвалах.

Сам будынак у Музычным завулку быў літаральна прасякнуты масонскай сімволікай і атмасферай таямніцы. Калі паглядзець на план дома зверху, ён мае форму сіметрычнага лацінскага крыжа, які ўнутры лож трактаваўся як знак духоўнага цэнтра і "чатырох бакоў свету". Да рэстаўрацыі XX стагоддзя ў доме існавалі так званыя "глухія вокны" – звонку яны выглядалі звычайнымі, аднак за шклом знаходзілася цагляная сцяна. Дзякуючы гэтаму масоны маглі праводзіць свае рытуалы, не асцерагаючыся чужых позіркаў. Звяртаюць на сябе ўвагу і ненатуральна тоўстыя сцены, якія служылі своеасаблівай гукаізаляцыяй. Таксама ў розных частках дома знаходзіліся схаваныя нішы, а пад будынкам існавалі падземныя хады, якія маглі выкарыстоўвацца для таемнага перамяшчэння.

У 1822 годзе ў Расійскай імперыі, пад прыгнётам якой тады знаходзіліся беларускія землі, масонскія ложы былі забароненыя. 
Таемнае жыццё дома ў Музычным завулку абарвалася – спыніліся сходы, пагаслі свечкі, больш не гучалі паролі і ўдары рытуальнага малатка.

Але ў 1990-я, калі будынак перадалі музею, у змярканні на лесвіцы сталі чуць ціхі мужчынскі смех і звон манет, што рассыпаліся, нібы ў рытуале "скідання металу", падчас якога будучы масон пакідаў каштоўнасці перад уваходам у ложу.

Дарэчы, не так даўно масонская ложа адрадзілася ў Беларусі: Вялікая ложа Беларусі з’явілася ў траўні 2019 года ў Мінску пры падтрымцы вялікіх лож Польшчы, Літвы і Украіны. Яе першым вялікім майстрам стаў літаратар і журналіст Сяргей Дубавец.