© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

1990-я: калі Беларусь паверыла ў цуды

23 июля 2026

Беларусь пачатку дзевяностых — гэта не толькі інфляцыя, прыватызацыя і свабода слова. Гэта яшчэ і час, калі імкліва знікалі старыя арыенціры, а новыя яшчэ не паспелі замацавацца. Людзі шукалі новыя сэнсы. Па ўсёй краіне, як грыбы пасля дажджу, раслі новыя рэлігійныя рухі і секты. Газеты масава запаўняліся аб'явамі варажбітак і цаліцеляў, а грамадзяне перад тэлевізарамі зараджалі ваду. Як тысячы беларусаў паверылі ў цуды? Хто ператварыў гэтую веру ў прыбытковы бізнес? І чым завяршыўся перыяд «рэлігійнага туману» у незалежнай Беларусі? Пра ўсё гэта — у нашым матэрыяле.

Чаму беларусы паверылі ў цуды?

Каб зразумець, чаму ў дзевяностыя Беларусь захліснула хваля экстрасэнсаў і разнастайных рэлігійных рухаў, варта ўзгадаць, якой была краіна ў той час.

Пасля распаду Савецкага Саюза абрынулася і яго ідэалогія, а разам з ёй — звыклая сістэма каштоўнасцяў і арыенціраў. Старыя ідэалы страцілі сваё значэнне, а новыя яшчэ не паспелі сфармавацца. Эканамічны крызіс і гіперінфляцыя толькі ўзмацнялі няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Але справа была не толькі ў эканоміцы. Амаль семдзесят гадоў савецкая ўлада моцна абмяжоўвала рэлігійнае жыццё: закрывала храмы, пераследавала святароў і настойліва навязвала атэізм.

Веру людзі калі і захоўвалі, то ўпотай, таксама таемна хрысцілі дзяцей.

У канцы васьмідзясятых і першую палову дзевяностых адбываецца сапраўдны «рэлігійны бум». У краіне аднаўляюцца традыцыйныя канфесіі, імкліва павялічваецца колькасць рэлігійных арганізацый, узрастае цікавасць да духоўнага жыцця.

Важным крокам стаў прыняты ў 1992 годзе Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Ён гарантаваў грамадзянам права свабодна вызнаваць рэлігію, ствараць рэлігійныя аб'яднанні, распаўсюджваць літаратуру і займацца асветніцкай дзейнасцю.


Аднак большасці людзей не ставала банальных рэлігійных азоў. Недасведчаны чалавек мог адначасова паверыць у НЛА, захапіцца вучэннем Крышны і стаць паслядоўнікам Парфірыя Іванова з яго сістэмай «Дзетка». Многія проста не ўмелі адрозніць рэлігію ад выдуманага культу, а сапраўдную псіхалагічную дапамогу — ад маніпуляцыі.

Эзатэрыка, акультызм і экстрасэнсы

У пачатку дзевяностых беларускія гарады літаральна захлынула літаратура пра розныя паранармальныя і містычныя рэчы.

На кніжных прылаўках побач з дэтэктывамі і любоўнымі раманамі з’явіліся соннікі, зборнікі замоў, дапаможнікі па хірамантыі, астралагічныя календары і кнігі пра "схаваныя магчымасці чалавека". Прычым неўзабаве іх пачалі выпускаць не толькі дробныя камерцыйныя фірмы, але і аўтарытэтныя беларускія выдавецтвы. Так, напрыклад, "Полымя" надрукавала кнігу Мікалая Вепрынцава "От экстрасенса до иных миров", а "Ураджай", які раней спецыялізаваўся на сельскагаспадарчай літаратуры, – зборнік "Гороскопы, амулеты и приметы для души".

З’явілася і эзатэрычная прэса. Мінскі часопіс "Под знаком судьбы" расказваў пра астралогію і гараскопы, а газета "От и до" паставіла побач у сваім падзагалоўку навуку і парапсіхалогію.

Містычныя ўяўленні падаваліся не як старыя забабоны, а як веды, якія афіцыйная навука яшчэ не паспела растлумачыць.

Экстрасэнсы і астролагі на сустрэчах і старонках газет распавядалі пра біяпалі, энергетыку, касмічныя рытмы і схаваныя магчымасці. Тая ж прэтэнзія на навуковасць выяўлялася і ў назвах новаствораных арганізацый. Так, у Мінску дзейнічала Астраэзатэрычная школа, якая пазней ужо стала Астраэзатэрычным універсітэтам.

Аднак галоўнай крыніцай папулярызацыі «неверагоднасцяў» было тэлебачанне. Менавіта яно зрабіла першай зоркай экстрасэнсорыкі Анатоля Кашпіроўскага.

Тэлевізійная папулярнасць такіх постацей зрабіла слова «экстрасэнс» вядомым практычна кожнаму. У масавай свядомасці экстрасэнсаў усё часцей успрымалі як людзей, здольных вылечыць там, дзе не магла дапамагчы афіцыйная медыцына.

Ужо ў 1990 годзе Кашпіроўскі праводзіў у Мінску масавыя «лячэбныя» сеансы, якія здымала Беларускае тэлебачанне і на якія было практычна немагчыма набыць квіток.

Сам Кашпіроўскі называў сябе ўрачом-псіхатэрапеўтам, але для мільёнаў людзей мяжа паміж псіхатэрапіяй і звышнатуральнымі здольнасцямі фактычна знікла.

Услед за агульнасаюзнымі знакамітасцямі ў Беларусі пачалі з'яўляцца і мясцовыя «спецыялісты». Газеты запаўняліся рэкламнымі аб'явамі з прапановамі складання гараскопаў, пошуку зніклых людзей, зняцця сурокаў і псуты, вяртання каханых і аднаўлення «страчанай энергетыкі».

Наколькі будзённай стала гэтая з’ява, паказвае гісторыя Марыі Абрамян з Маладзечна. У пачатку дзевяностых яна прымала наведвальнікаў непасрэдна ў будынку дзяржаўнай дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі, а ў яе працоўнай кніжцы з’явіўся запіс: "принята в качестве экстрасенса".

Прыём каштаваў два рублі пяцьдзясят капеек, а чарга была распісаная на два месяцы наперад.

Менаіта тады трывала ў паўсядзённае жыццё беларусаў увайшла астралогія. Гараскопы сталі пастаяннай газетнай рубрыкай нават дзяржаўных газет, дзе становішчам планет тлумачылі адносіны, поспехі і няўдачы.

Але найбольшым попытам карысталіся спецыялісты, якія абяцалі не проста растлумачыць няўдачы або прадказаць будучыню, а пазбавіць чалавека ад сапраўднай залежнасці. Так паступова ў Беларусі з’явілася асобная індустрыя...

Індустрыя цудаў

У дзевяностыя гады прапанова «закадзіравацца» ў Беларусі стала гучаць ледзь не з кожнага кута.

Калі чалавек злоўжываў, сыходзіў у запой і разбураў сям'ю, сваякі шукалі спецыяліста, які мог бы ўсталяваць для яго жорсткі блок на алкаголь. На такі прыём пацыента нярэдка прыводзілі жонка, маці ці іншыя блізкія.

Асновай кадавання стаў метад савецкага псіхатэрапеўта Аляксандра Даўжэнкі. Падчас эмацыянальна напружанага сеанса ўрач фарміраваў у пацыента ўстаноўку на поўную адмову ад спіртнога і папярэджваў, што парушэнне гэтай забароны можа прывесці да цяжкіх наступстваў.

Кадзіраваннем займаліся дыпламаваныя псіхіятры і нарколагі. Але для многіх пацыентаў працэдура выглядала амаль як магічны рытуал, дзе адзін цудадзейны сеанс павінен быў перакрэсліць шматгадовую залежнасць і стаць пачаткам новага жыцця.

Тыя, хто жыў у дзевяностыя ў Беларусі, адразу ўзгадаюць імёны людзей, чыя вядомасць магла паспаборнічаць з папулярнасцю тагачасных зорак і палітыкаў. Адной з першых паслядоўніц Даўжэнкі ў Беларусі стала мінская псіхіятр Святлана Данская. Назва яе цэнтра — «Резервные возможности человека» — яскрава адлюстроўвала ўяўленне пра тое, што ўрач здольны абудзіць схаваныя магчымасці псіхікі і накіраваць іх на барацьбу з залежнасцю.

Метад эмацыянальна-стрэсавай псіхатэрапіі выкарыстоўваў і Дзмітрый Сайкоў, які ўзначальваў наркалагічнае аддзяленне Мінскага гарадскога дыспансера. Яшчэ адным вядомым спецыялістам па кадаванні быў Аляксей Хадоркін.

Камусьці кадаванне сапраўды дапамагала гадамі заставацца цвярозым. Іншыя вярталіся да спіртнога праз некалькі месяцаў. Але попыт на такую дапамогу не знікаў дзесяцігоддзі.

Аднак у той час людзі шукалі выратаванне не толькі ў псіхіятраў. Шмат беларусаў ехалі да святароў, якім народная пагалоска прыпісвала здольнасць ацаляць і выганяць нячыстую сілу. У храмы звярталіся з алкагалізмам, псіхічнымі разладамі і дзіўнымі паводзінамі, якім сваякі не знаходзілі тлумачэння.

Асаблівую вядомасць атрымалі Смілавічы. Пасля таго як настаяцелем мясцовага Свята-Георгіеўскага храма стаў протаіерэй Валерыян Бугаенка, туды пачалі прыязджаць людзі з усёй Беларусі на так званыя адчыткі — працяглыя малітвы над тымі, каго лічылі апантанымі бесамі.

Падчас адчытак некаторыя пачыналі крычаць, выць, размаўляць нібыта «чужым голасам», падаць на падлогу або біцца ў сутаргах.

На адчыткі прывозілі людзей з алкагалізмам, эпілепсіяй, псіхічнымі захворваннямі і цяжкімі нервовымі расстройствамі. Але медыцынскі дыягназ адыходзіў на другі план. Прычынай пакут абвяшчаліся псота, праклён або бес, які ўсяліўся ў чалавека, а выратаваннем лічылася не працяглае лячэнне, а выгнанне нячыстай сілы.

Шырокай вядомасцю карыстаўся і протаіерэй Васіль Піліпенка са Жлобіна. Яму прыпісвалі здольнасць ацаляць, бачыць будучыню, прадказваць няшчасці і без тлумачэнняў разумець, з якой бядой прыйшоў чалавек. Ад яго чакалі не звычайнай пастырскай парады, а сапраўднага цуду.

Расказы пра ацаленні і прадказанні перадаваліся па “сарафаннаму радыё”. Праверыць іх было амаль немагчыма, але кожнае новае сведчанне толькі ўмацоўвала рэпутацыю святара і прыцягвала новых наведвальнікаў.

Нароўні са святарамі з'яўляліся і адкрытыя махляры. Яны пераконвалі людзей, што на іх ляжыць псота або праклён, патрабавалі грошы і каштоўнасці для правядзення «абрадаў», прызначалі новыя сеансы, а адсутнасць выніку тлумачылі недастатковай верай самога пацыента.

Але варажбіткі і дзялкі-цаліцелі былі толькі адным бокам таго, што адбывалася. Значна мацней чалавек трапляў пад чужы ўплыў там, дзе абяцанне ацалення станавілася часткай сістэмы — з харызматычным лідарам, замкнёнай абшчынай і ўласнай «ісцінай».

Краіна новых прарокаў

Яшчэ на закаце СССР, разам з традыцыйнымі канфесіямі ў краіну хлынулі дзясяткі новых вучэнняў. Паводле падлікаў беларускага даследчыка Уладзіміра Марціновіча, на момант здабыцця незалежнасці ў Беларусі дзейнічала ўжо больш за сто розных сект і культаў.

На вуліцах з’явіліся крышнаіты, прапаведнікі новых хрысціянскіх рухаў, паслядоўнікі ўсходніх гуру і настаўнікі, якія спалучалі Біблію з астралогіяй, ёгай і развагамі пра касмічную энергію.

У першыя гады іх успрымалі як яшчэ адну прыкмету новага свету, які раптоўна адкрыўся перад людзьмі. Газеты з цікавасцю расказвалі пра незвычайныя культы, а некаторыя публікацыі амаль не адрозніваліся ад рэкламы.

Але некаторыя новыя рухі патрабавалі не проста прыняць іх веру, а падпарадкаваць ёй усё жыццё. Дзеля гэтага людзі кідалі вучобу, аддаляліся ад блізкіх, і прысвячалі ўвесь свой час супольнасці, дзе гуру станавіўся для іх важнейшым за ўласную сям’ю.

Самым гучным прыкладам стала "Вялікае белае братэрства". Паслядоўнікі якога з’явіліся і ў Беларусі.

Рух узнік у Кіеве вакол Юрыя Крываногава і Марыны Цвігун, якую абвясцілі жывым увасабленнем Бога пад імем Марыя Дэві Хрыстос. Паслядоўнікам унушалі, што стары свет неўзабаве загіне, а выратавацца змогуць толькі тыя, хто цалкам прыме новае вучэнне.

Канец свету прызначылі на лістапад 1993 года. Звычайная вучоба, праца, грошы і адносіны з блізкімі гублялі сэнс: калі свету заставалася ўсяго некалькі месяцаў.

Гісторыя "Белага братэрства" паказала, што вера ў жывога месію і ў блізкі канец свету можа цалкам падпарадкаваць чалавека. Таму неўзабаве паўсюль секту забаранілі.

Але далёка не ўсе падобныя арганізацыі так моцна кідаліся ў вочы. Некаторыя не гаварылі пра апакаліпсіс і не выводзілі паслядоўнікаў на вуліцы ў рытуальным адзенні. Яны – выглядалі салідна, стваралі студэнцкія асацыяцыі, адукацыйныя праграмы, фонды і ладзілі міжнародныя канферэнцыі – атрымліваючы доступ да ўніверсітэтаў, школ і нават палітычнай эліты.

Секта ва ўніверсітэцкай аўдыторыі

Падобным чынам у Беларусі дзейнічаў рух карэйскага прапаведніка Сан Мён Муна. Ва ўніверсітэты і школы яго секта прыходзіла не з адкрытымі пропаведзямі, а пад выглядам адукацыйных праграм і міжнародных ініцыятыў. Чалавек мог удзельнічаць у такіх праектах, нават не падазраючы, якое рэлігійнае вучэнне за імі стаіць.

Сам Мун абвяшчаў сябе месіяй, якому наканавана завяршыць місію Хрыста, а сябе і жонку Хак Джа Хан называў «сапраўднымі бацькамі» чалавецтва.

11 мая 1992 года Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала беларускае аддзяленне міжнароднай студэнцкай арганізацыі CARP. У яе назве не згадваліся ні імя Муна, ні яго Царква, аднак была звязана з імі. Студэнтаў запрашалі на лекцыі пра лідарства, маральнасць, сямейныя каштоўнасці і адносіны паміж людзьмі. CARP дзейнічала ў Мінску, Гродне, Гомелі, Магілёве і Віцебску, дзе арганізоўвала канцэрты, дабрачынныя акцыі і сустрэчы ва ўніверсітэтах і студінтэрнатах.

У студзені 1993 года CARP правяла ў Баранавічах чатырохдзённы міжнародны семінар, які сабраў больш за трыста студэнтаў і выкладчыкаў з Беларусі, Расіі, краін Балтыі, ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі. Так шлях да веры ў новага месію мог пачынацца са звычайнага семінара па лідарстве.

Цікава, што ўжо ў жніўні 1992 года старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які фактычна быў кіраўніком незалежнай Беларусі, узяў удзел у Сусветным фестывалі культуры і спорту ў Сеуле, арганізаваным рухам Муна.

А жонку Муна ў мінскім аэрапорце асабіста сустракала жонка Шушкевіча.

Навука пра розум

У 1994 годзе на вуліцах Мінска і ў метро з'явіліся маладыя людзі, якія прапаноўвалі мінакам вырашыць сямейныя праблемы, наладзіць адносіны з кіраўніцтвам і дасягнуць поспеху ў працы. Яны прадстаўлялі цэнтр «Дыянетыка» і гаварылі не пра рэлігію, а пра сучасную тэхналогію кіравання чалавечым розумам.

Дыянетыку стварыў амерыканскі пісьменнік-фантаст Лафает Рон Хабард. Паводле яго вучэння, балючыя ўспаміны захоўваюцца ў падсвядомасці і працягваюць уплываць на жыццё чалавека. Пазбавіцца ад іх прапаноўвалася з дапамогай аўдытынгу — працяглых размоў, падчас якіх чалавека зноў і зноў вярталі да непрыемных падзей мінулага.

Напрыканцы 1994 года Рэспубліканскі цэнтр дыянетыкі ўзначаліў мінскі фізік-электронік Алег Сурмач, які прайшоў падрыхтоўку ў маскоўскім цэнтры Хабарда. А 5 кастрычніка 1995 года арганізацыя была афіцыйна зарэгістраваная.

Паступова знаёмства з «ведамі» перарастала ў праходжанне цэлай сістэмы платных праграм. Курсы каштавалі ад 90 да 800 долараў — велізарныя грошы для большасці беларусаў таго часу. Кожны новы ўзровень нібыта набліжаў чалавека да ўнутранай свабоды, поспеху і поўнага кантролю над уласным жыццём.

«Сэкай»

Але хіба найбольш незвычайная гісторыя разгортвалася вакол Валерыя Буяка — выкладчыка ўсходніх адзінаборстваў і кіраўніка мінскай супольнасці японскага рэлігійнага руху Оомота.

Буяка называлі сэнсэем — настаўнікам, які нібыта валодаў усходняй філасофіяй, каратэ і ведаў пра схаваныя магчымасці чалавека. Ён выступаў на тэлебачанні, арганізоўваў спартыўныя і музычныя мерапрыемствы і кіраваў холдынгам пад агульнай назвай «Сэкай».

«Сэкай» займалася выдавецкай дзейнасцю, ахоўнымі паслугамі, шоу-бізнесам і фінансавымі аперацыямі. У 1994 годзе кампанія пачала прымаць у насельніцтва грошы ў пазыку, абяцаючы вярнуць іх з працэнтамі.

Людзі прыносілі сотні, тысячы і нават дзясяткі тысяч долараў. Пакуль паступалі новыя ўклады, ранейшыя кліенты атрымлівалі выплаты. Але ў 1995 годзе сістэма пачала развальвацца. Калі ўкладчыкі масава запатрабавалі вярнуць свае грошы, высветлілася, што сродкаў на ўсіх не хапае. У наступным годзе Буяка арыштавалі, а пазней асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. У следчым ізалятары ён абвясціў працяглую галадоўку, а 3 лютага 1997 года, Буяк завостранай лыжкай адсек сабе фалангу мезінца.

Пасля вызвалення ён змяніў імя на Валекс Буяк і працягнуў вобраз — мага, экстрасэнса і духоўнага настаўніка.

Пасля вызвалення ён змяніў імя на Валекс Буяк і працягнуў вобраз — мага, экстрасэнса і духоўнага настаўніка.

У 2009 годзе Валекс Буяк стаў удзельнікам восьмага сезона расійскага тэлешоу «Бітва экстрасэнсаў» на канале ТНТ. Аднак пераканаць журы ў сваіх звышнатуральных здольнасцях яму не ўдалося, і праект ён пакінуў адным з першых.

Чым часцей падобныя гісторыі заканчваліся страчанымі зберажэннямі, разбуранымі сем'ямі і зламанымі лёсамі, тым гучней гучалі патрабаванні, каб дзяржава нарэшце ўмяшалася.

Ад разгубленасці да кантролю

Сур'ёзна заняцца праблемай новых культаў дзяржаву прымусілі бацькі іх паслядоўнікаў. Іх дзеці кідалі вучобу, сыходзілі з дому, перадавалі грошы сектам і разрывалі адносіны з роднымі. Любыя спробы сям'і ўмяшацца ўспрымаліся як пераслед за веру.

У скаргах найчасцей згадваліся крышнаіты, «Санатана Дхарма», Багародзічны цэнтр і «Вялікае белае братэрства». У пачатку 1993 года ў Мінску з'явіўся Камітэт па выратаванні моладзі ад псеўдарэлігій, які неўзабаве быў перайменаваны ў бацькоўскі камітэт «Ратаванне».

Першы калектыўны зварот падпісалі 21 чалавек з пяці беларускіх гарадоў.

Аднак дзяржава яшчэ дрэнна ўяўляла, як рэагаваць. У склад першай экспертнай камісіі ўвайшлі сем чалавек, але толькі двое з іх раней даследавалі нетрадыцыйныя рэлігіі. Камісія адкрыта прызнала, што ёй не стае спецыялістаў, матэрыялаў і паўнамоцтваў.

Асабліва складана было даказаць сам факт псіхалагічнага падпарадкавання. Паўналетні чалавек добраахвотна наведваў сходы, ахвяраваў грошы, сыходзіў з сям'і і сцвярджаў, што робіць гэта па ўласнай волі. З юрыдычнага пункту гледжання было няпроста адрозніць разбуральны ўплыў ад свабоды веравызнання і права чалавека самастойна выбіраць лад жыцця.

У 1994 годзе з'явілася аб'яднанне «АЗОН», якое аб'яднала псіхолагаў, псіхіятраў, юрыстаў і рэлігіязнаўцаў. Разам з «Ратаваннем» яно збірала сведчанні сем'яў, выступала ў прэсе, патрабавала дапамогі былым удзельнікам культаў і правядзення праверак дзейнасці канкрэтных арганізацый.

І дзяржава пачала дзейнічаць: у сакавіку 1996 года Царкву аб'яднання Сан Мён Муна прызналі дэструктыўнай рэлігійнай арганізацыяй. У 1997 годзе такі ж статус атрымаў саенталагічны рух.

Так усяго за некалькі гадоў дзяржава прайшла шлях ад разгубленасці і няўпэўненых спробаў ацаніць дзейнасць новых культаў да сістэмы афіцыйных абмежаванняў і забаронаў.

Дзевяностыя сталі часам, калі Беларусь сапраўды паверыла ў цуды як рэлігійныя так і палітычныя. Палітыкі, экстрасэнсы і новыя прарокі прапаноўвалі тое, чаго людзям не хапала больш за ўсё, — простыя адказы, і надзею на хуткае выратаванне.

Але ці зніклі на Беларусі дэструктыўныя рухі?

Не. У Беларусі дзейнічае рух, створаны вакол кніг расійскага пісьменніка Уладзіміра Мегрэ. У 1996 годзе Мегрэ выдаў кнігу «Анастасія», у якой расказаў пра таямнічую жанчыну, што нібыта жыве ў сібірскай тайзе, валодае звышнатуральнымі здольнасцямі і захоўвае веды старажытнай цывілізацыі. Вакол гэтай гісторыі паступова сфарміравалася цэлая сістэма поглядаў: адмовіцца ад гарадскога жыцця, атрымаць гектар зямлі, стварыць на ім «родавае памесце», выхоўваць дзяцей у еднасці з прыродай. Самі яго ўдзельнікі называюць сябе стваральнікамі «родавых памесцяў», аднак рэлігіязнаўцы адзначаюць наяўнасць у яго вучэнні містычных і квазірэлігійных элементаў.

Пад уплывам гэтых ідэй у Беларусі таксама пачалі ўзнікаць экапасяленні. Прыхільнікі руху спрабавалі ствараць «радавыя памесці» ў розных рэгіёнах краіны. Адным з найбольш вядомых лічыцца паселішча «Росы» ў Валожынскім раёне.

Сам Уладзімір Мегрэ паступова стаў усё больш адкрыта выказвацца і на палітычныя тэмы. Яшчэ ў 2006 годзе ён заклікаў сваіх чытачоў падтрымліваць партыю «Адзіная Расія». У 2021 годзе апублікаваў адкрыты зварот да Уладзіміра Пуціна, у якім хваліў расійскага кіраўніка і прасіў рэалізаваць на дзяржаўным узроўні сваю канцэпцыю родавых памесцяў.

Гісторыя паказвае, што новыя рэлігійныя рухі не засталіся з'явай выключна дзевяностых. Яны проста змянілі форму. Замест прароцтваў пра канец свету і абяцанняў імгненнага цуду сёння яны часцей прапануюць ідэалы экалагічнага жыцця, самадастатковасці, духоўнага развіцця і жыцця ў еднасці з прыродай. Менавіта гэта і працягвае прыцягваць новых прыхільнікаў.