© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Бел-біз: вытокі беларускага бізнэсу

Як вядома, нацыянальны капітал  адна з асноў суверэнітэту дзяржавы. Сёння беларускі бізнэс фармуе каля 50 % рэспубліканскага бюджэту, а ў сталіцы яго доля дасягае амаль 75 %. Але адкуль ён узяўся яшчэ ў часы Савецкай Рэспублікі? Якім быў яго генезіс? Пра гэта мы распавядзём у чарговым матэрыяле гістарычнага цыклу «Адлік».

26 марта 2026

Кааператыўная Беларусь

Сапраўдным подыхам свабоды для савецкага грамадства стаў “Закон аб кааперацыі”, прыняты ў сярэдзіне 1988 года.

Ранейшая нелегальная спекуляцыя і «фарца» цяпер сталі даступнымі для ўсіх ахвотных. Паспрабаваць шчасця тады вырашылі сапраўды многія беларусы. Ужо да канца 1988 года ў БССР налічвалася больш за 2500 кааператываў, а праз год у гэтай сферы па рэспубліцы было задзейнічана ўжо 130 тысяч чалавек.

У гэты перыяд з’явілася мноства кааператываў па вытворчасці побытавых дробязяў і аказанні паслуг.  Людзей, змучаных дэфіцытам, цікавіла літаральна ўсё. Нядзіўна, што гэта прыносіла немалыя даходы першапраходцам беларускага капіталізму.

Дзякуючы кааперацыі з’явіліся і першыя савецкія мільянеры.
Адным з найбольш вядомых прыкладаў стаў гомельскі кааператыў «Спадарожнік», які спецыялізаваўся на выпуску даведнікаў, у тым ліку пра тое, як адкрываць і кіраваць кааператывамі.

Менш чым за паўгода ад продажу толькі чатырох выданняў «Спадарожнік» зарабіў больш за 7,5 мільёна рублёў. Экземпляры прадаваліся з фантастычнай накруткай.

Вядомы беларускі пісьменнік, мастак і бізнэсовец Адам Глобус свае першыя капіталы таксама зарабіў на друку бульварных выданняў, дзе часам аўтарамі выступалі маладыя беларускія літаратары. Пры гэтым кааператывы афіцыйна не мелі права займацца друкам, як і некаторымі іншымі відамі дзейнасці — напрыклад, відэапракатам. Аднак на практыцы ўсё гэта шырока распаўсюджвалася па рэспубліцы.

Карупцыя, добрыя «адкаты» чыноўнікам і партыйным дзеячам фактычна развязвалі рукі кааператарам.

Кааперацыя праіснавала ўсяго некалькі гадоў, але дала цэламу пласту беларусаў галоўнае — незалежнасць ад дзяржавы. Яна стала сапраўднай кузняй кадраў для першага пакалення прадпрымальнікаў суверэннай Беларусі, якія вынеслі з яе капітал ведаў і сродкаў.

Чалнакі

У часы «Перабудовы» адбылася лібералізацыя выезду за мяжу, што прывяло да з’яўлення так званых «чалнакоў» — людзей, якія курсавалі туды-назад з мэтай гандлю.

Найбольш папулярным маршрутам у той час была Польшча, а іранічная прымаўка «Курица не птица — Польша не заграница» стала неафіцыйным дэвізам такіх прадпрымальных беларусаў.

Людзі ехалі з наборам дэфіцытных тавараў, прадавалі іх на месцы з рук, а вярталіся з імпартным дэфіцытам. За мяжу везлі фены, мясарубкі, тэлевізары, запчасткі, а назад — заколкі, бананы, жуйкі, кансерваваны гарошак, парашкі і, галоўнае, «шмоткі».

Часта гандлявалі ўвогуле ўсім, што ўдавалася сабраць на хуткую руку — нават лямпачкамі, выкручанымі ў ўласным пад’ездзе, ці тым, што выпадкова залежалася на паліцах савецкіх крамаў. Гэта быў час, калі прадаць можна было абсалютна ўсё, а вось купіць — далёка не многае.

Аўтарынак

Дэфіцыт аўтамабіляў у БССР і адкрыццё межаў зрабілі перагон машын даволі прыбытковым, але і небяспечным спосабам заробку.

Першыя здзелкі адбываліся на невялікіх стыхійных пляцоўках, дзе побач з савецкімі «Жыгулямі» пачыналі з’яўляцца іншамаркі. Куплялі іх пераважна камерсанты — уладальнікі фірмаў і кіёскаў. Пазней значная частка аўтамабіляў сыходзіла ў Расею і Украіну.

На старце гналі пераважна танныя мадэлі — Opel Ascona, Rekord, пазней — Volkswagen, Audi, BMW. Кошт машыны на месцы продажу павялічваўся прыкладна ўдвая, і такая розніца лічылася нармальнай. Размытненне каштавала капейкі па цяперашніх мерках, а абароты імкліва раслі. У тыя гады іншамарку можна было абмяняць нават на кватэру.

Але перагоны пачатку 1990-х былі надзвычай рызыкоўнымі: рэкет суправаджаў прадпрымальнікаў практычна на ўсім шляху.

З-за высокай крымінальнасці перагоншчыкі выпрацавалі ўласныя «кодэксы выжывання»: ніхто не ездзіў днём, стартавалі апоўначы, рухаліся на хуткасці 120–140 км/г, пазбягалі размоў у цягніках, не бралі спадарожнікаў, спалі толькі ў правераных месцах і амаль не заязджалі на запраўкі. Любая памылка магла каштаваць машыны, здароўя або жыцця.

Менавіта «ганялы» 1990-х стварылі падмурак сучаснага рынку патрыманых іншамарак і аўтазапчастак, зарабіўшы ў тыя часы свае першыя капіталы.

Незалежная Беларусь

Распад СССР стаў паваротным момантам для беларускага бізнэсу. Эканамічная сістэма абвалілася: крамы пуставалі, заробкі затрымліваліся месяцамі, а насельніцтва жыло ва ўмовах татальнага дэфіцыту. На гэтым фоне прадпрымальніцтва ператварылася ў тэрыторыю свабоды, рызыкі і магчымасцяў.

Пустыя паліцы і велізарны попыт вызначылі першыя крокі беларускіх прадпрымальнікаў. У краіну везлі ўсё запар — адзенне, прадукты, бытавыя тавары. Нацэнкі дасягалі 200–300 %, што рабіла гандаль надзвычай прыбытковым. Людзі ехалі па тавар у Польшчу, Літву, Нямеччыну, бралі цэлыя партыі проста на рынках, перавозілі іх у Беларусь і прадавалі амаль імгненна. Праблема была не ў пакупніцкай здольнасці, а ў адсутнасці тавараў.

У пачатку 1990-х, калі яшчэ не існавала гандлёвых цэнтраў, а паняцця «маркетплэйсы» ўвогуле не было, галоўнай пляцоўкай для гандлю заставаліся рынкі. Тут куплялі ўсё — ад адзення да побытавых дробязяў.

Галоўнымі «меккамі» беларускага бізнэсу тых часоў сталі Камароўскі рынак, а таксама адкрыты ў 1991 годзе рынак вакол стадыёна «Дынама». Культавыя «Ждановічы» з’явяцца крыху пазней — у 1993 годзе.

Прадпрымальнікі самі шукалі тавар за мяжой, бо аптавікоў у сучасным разуменні тады амаль не існавала. Ездзілі «чалнакамі» ў Польшчу, Расею, Турэччыну і Кітай.

Беларускія грошы

Пачатак 1990-х гадоў краіна перажыла ва ўмовах змены валют і гіперінфляцыі. Раніцай курс даляра мог быць адным, а ўжо пасля абеду вырасці на 20–30 %. Нулі не змяшчаліся ў калькулятарах, заробкі вылічваліся дзясяткамі мільёнаў. На курсавой розніцы можна было як імкліва разбагацець, так і страціць усё.

Пры гэтым кошты на многія тавары ў Беларусі заставаліся ніжэйшымі, чым у суседніх краінах. Гэтым карысталіся замежнікі, якія ехалі сюды на масавыя закупы. Тое ж рабілі і самі беларусы — скуплялі ўсё запар для перапродажу за мяжу або проста ўкладвалі абясцэньваючыяся грошы ў рэчы.

Каб абараніць унутраны рынак, улады ўвялі купонную сістэму. Купоны ўяўлялі сабой каляровыя паперкі памерам з офісны аркуш, падзеленыя на дробныя часткі, якія трэба было выразаць. Яны давалі права на набыццё абмежаванай колькасці тавараў і прадуктаў.

Напрыклад, тры пары шкарпэтак раз на паўгода або 300 грамаў масла ў месяц. Сімвалам таго часу сталі нажніцы, якімі касіркі «выстрыгалі» патрэбную колькасць купонаў, часта ствараючы велізарныя чэргі.

У пэўны момант увядзенне ўласнай валюты стала неабходнасцю. Савецкіх рублёў у абароце не хапала, а запазычанасць банкаў па выплатах наяўных грошай дасягала 4 мільярдаў. Да таго ж купонная сістэма выклікала масавае раздражненне.

У сярэдзіне 1992 года з’явіліся першыя беларускія грошы — беларускія рублі, або так званыя «зайчыкі», назва якіх пайшла ад выявы зайца на купюры наміналам у адзін рубель.

Аднак новыя грошы спачатку выклікалі давер далёка не ва ўсіх. Напрыклад, гандляры на рынках часта адмаўляліся іх прымаць, патрабуючы савецкія рублі або даляры. Не дадавалі аўтарытэту новай валюце і заявы тагачасных кіраўнікоў краіны. Так, старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч заяўляў, што «рубель нельга разглядаць як нацыянальную валюту — гэта хутчэй шматразовыя купоны».

Сітуацыю канчаткова пагоршыла інфляцыя. Рублёў людзі атрымлівалі шмат, але ў пераліку на даляры гэта былі мізэрныя сумы. З 1992 па 1995 год беларускі рубель абясцэніўся ў адносінах да долара амаль у 900 разоў.

Цікава, што першыя беларускія грошы маглі называцца «талерамі» і мець выявы нацыянальных дзеячаў. Але Вярхоўны Савет абраў больш звыклы «рубель» з жывёльным светам на банкнотах.

Валютчыкі як прыкмета часу

Адной з візітовак 1990-х сталі так званыя «валютчыкі». Людзі з барсеткамі на поясе і калькулятарамі ў кішэнях фактычна замянялі сабой і банкі, і афіцыйныя абменныя пункты.

Дэ-юрэ іх дзейнасць падпадала пад артыкулы Крымінальнага кодэкса, але дэ-факта яны забяспечвалі тое, чаго амаль не існавала, — хуткі і даступны абмен валюты.

У тыя гады шэраговы валютчык мог штодзень прапускаць праз сябе каля 10 тысяч даляраў. Дзённы прыбытак складаў 100–300 «зялёных». Нават сёння такія сумы выглядаюць значнымі, а тады гэта быў паўгадавы заробак рабочага завода.

Але разам з прыбыткамі раслі і рызыкі. Пры затрыманні кампетэнтнымі органамі ў чалавека маглі канфіскаваць не толькі наяўныя грошы, але і маёмасць. Таму многія вопытныя валютчыкі імкнуліся не мець нічога каштоўнага ва ўласнасці.

Сітуацыя штурхала людзей у «шэрую зону»: афіцыйныя абменнікі практычна не мелі валюты. Прадаць даляры было значна прасцей, чым купіць, а афіцыйны курс не адпавядаў рэальнасці.

Парадаксальна, але пры сваім незаконным статусе валютчыкі нярэдка супрацоўнічалі з банкамі, у тым ліку з Нацыянальным. Банкі працавалі з буйнымі сумамі, але не маглі мець справу з асобнымі «мяняламі». Грошы збіралі спецыяльныя пасярэднікі. Такая схема была выгаднай усім: краіне катастрафічна не хапала валюты, а ўсталяваць рэальны рынкавы курс улады не маглі — гэта прывяло б да яшчэ большай інфляцыі.

Фактычна валютчыкі выконвалі тую функцыю, якую афіцыйная банкаўская сістэма на той момант забяспечыць не магла.

Капітал і дзяржава

Бізнэс пачатку 1990-х адрозніваўся адсутнасцю выразных правілаў і рэгулявання. Падатковыя органы і міліцыя маглі канфіскоўваць тавар або штрафаваць — часта за надуманыя парушэнні. Заканадаўства пастаянна змянялася і супярэчыла само сабе.

Высокія рызыкі кампенсаваліся магчымасцю хутка «падняцца» і зарабіць сапраўдны капітал. Але побач з шансам разбагатець заўсёды існаваў рызыка быць падманутым або абрабаваным. Менавіта тады ў лексікон увайшло слова «кідалава» — ад «кінуць», падмануць.

Акрамя махлярства партнёраў і «наездаў» рэкеціраў, бізнэсоўцы былі вымушаныя наладжваць патрэбныя сувязі ў дзяржаўных структурах — у банках, на прадпрыемствах, мытні. Сувязі значылі значна больш, чым досвед або прафесійныя здольнасці. Чалавек з патрэбнымі кантактамі мог атрымліваць выгадныя заказы, даведвацца пра валютныя ваганні раней за іншых або завозіць тавар без лішніх праверак. Для многіх менавіта гэтыя сувязі сталі стартам да вялікіх багаццяў.

Аднак такая сваволя пачала знікаць ужо ў сярэдзіне 1990-х. Прыватызацыя так і не адбылася, зямля выдавалася толькі ў арэнду, а бюракратычны ціск паступова ўзмацняўся. Колькасць забаронаў расла, заканадаўства станавілася ўсё больш жорсткім і рэгуляваным. Многія схемы, якія працавалі ў пачатку 1990-х, сталі немагчымымі.

У такіх умовах на плаву засталіся толькі тыя, хто змог падстроіцца пад новую сістэму.

Нараджаючыся сярэдні клас у сярэдзіне 90-х так і не стаў асновай нацыянальнай дзяржавы і палітыкі, як гэта адбылося ў суседніх краінах. Замест гэтага ён быў вымушаны падпарадкавацца новай постсавецкай сістэме ўлады першага прэзідэнта.

Гісторыя беларускага бізнэсу — гэта гісторыя няпростай спробы беларусаў зноў навучыцца быць гаспадарамі. Нягледзячы на ўсе перашкоды і адсутнасць досведу, імкненне да ўласнай справы і эканамічнай незалежнасці  дазволіла ім прайсці шлях ад чалнакоў і “кааператараў”  да стваральнікаў сусветнавядомых высокатэхналагічных праектаў — EPAM, Wargaming, «Алютэх» і інш.

P.S. Пра гэтую і іншыя цікавыя гісторыі вы можаце даведацца больш у нашым дакументальным цыкле «Адлік», прысвечаным найноўшай гісторыі Беларусі. Глядзіце выпуск па спасылцы