© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Беларусь алімпійская

У жніўні 1992 года ў Барселоне дваццацігадовы беларус Віталь Шчэрба за адзін дзень выйграў чатыры залатыя медалі. Падчас асабістых узнагароджанняў над арэнай уздымаўся бел-чырвона-белы сцяг. Але ў агульнай табліцы вынікі менчука запісвалі на рахунак Аб’яднанай каманды. Гэта была ўжо не зборная СССР, які распаўся, а пераходны фармат, што дазволяў спартоўцам выступіць на Алімпіядзе, пакуль новыя дзяржавы стваралі ўласныя алімпійскія структуры.

30 октября 2026

Тры балтыйскія краіны – Літва, Латвія і Эстонія – удзельнічалі ў Алімпіядзе асобнымі нацыянальнымі камандамі. Яны аднавілі самастойны ўдзел у Алімпійскіх гульнях яшчэ да распаду СССР.

Аб’яднаная каманда выступала пад алімпійскім сцягам, а на ўзнагароджаннях пераможцаў замест нацыянальнага гімна гучаў Алімпійскі гімн.

Пры гэтым беларускія спартоўцы пранеслі гістарычны бел-чырвона-белы сцяг Беларусі, сцяганосцам якога стаў гандбаліст Міхаіл Якімовіч. У выпадку Віталя Шчэрбы, на асабістых узнагароджаннях таксама ўздымаўся наш нацыянальны сцяг. Амерыканская газета Los Angeles Times пісала 1 жніўня 1992 года: "пасля трыўмфальнай перамогі Шчэрбы ў індывідуальным мнагабор’і ўзнялі беларускі бел-чырвона-белы сцяг і прагучаў беларускі гімн".

Ужо праз два гады, у 1994 годзе, у Нарвежскі Ліліхамер прыехала асобная дэлегацыя пад назвай "Belarus". Потым былі першае ўласнае золата ў Атланце і хакейны дэбют у Японіі.

У новым "Адліку" вернемся ў дзевяностыя – час, калі за беларускіх спартоўцаў на алімпійскіх арэнах упершыню стала магчыма заўзець, як за прадстаўнікоў незалежнай краіны.

Алімпіяды-92. Трыумф Шчэрбы

Калі Савецкі Саюз распаўся, да найбліжэйшых зімовых Гульняў заставалася менш за два месяцы. Беларусь ужо была незалежнай, але яе Нацыянальны алімпійскі камітэт яшчэ не атрымаў міжнароднага прызнання. Таму на спаборніцтвы нашы атлеты паехалі ў адным складзе разам з прадстаўнікамі іншых былых саюзных рэспублік.

У 92-м абедзве Алімпіяды праводзілі ў адным годзе: першымі былі зімовыя Гульні, якія ў лютым прыняў французскі Альбервіль.

Аб'яднаная каманда на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Альбервілі

Нечаканую перамогу ў індывідуальнай гонцы атрымаў тагачасны студэнт менскага інстытута фізкультуры – біятланіст Яўген Рэдзькін. Прычым пра свой удзел ён даведаўся ўсяго за два дні да старту. Наш спартовец адстраляўся чыста і выйграў золата, апярэдзіўшы бліжэйшага суперніка больш чым на шэсць секунд.

Яўген Рэдзькін пасля перамогі на Алімпіядзе

Іншы беларускі біятланіст Аляксандр Папоў у той жа гонцы фінішаваў чацвёртым. Да бронзы яму не хапіла трох з паловай секунд. Зрэшты, без узнагароды ён не з'ехаў – разам з партнёрамі па Аб'яднанай камандзе заваяваў срэбра ў эстафеце.

У ліпені таго ж года пачаліся летнія Алімпійскія Гульні ў гішпанскай Барселоне. Беларусы і тут выступалі ў складзе Аб'яднанай каманды. А галоўным героем стаў дваццацігадовы гімнаст з Менска Віталь Шчэрба.

Аб'яднаная каманда на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Барселоне

Спачатку ён выйграў каманднае першынство і асабістае мнагабор'е. А другога жніўня за адзін вечар забраў яшчэ чатыры залатыя медалі – на кані, кольцах, брусах і ў апорным скачку. Шэсць перамог на адной Алімпіядзе! Прычым у мужчынскай гімнастыцы разыгрывалі толькі восем камплектаў узнагарод. Гэта быў сапраўдны трыўмф.

Віталь Шчэрба падчас узнагароды ў Барселоне

Шчэрба быў не адзіным беларусам, хто здзівіў тады Барселону. У шаснаццаць гадоў Канстанцін Лукашык стаў алімпійскім чэмпіёнам у стральбе з малакалібернага пісталета.

Канстанцін Лукашык на цырымоніі ўзнагароджання ў Барселоне

А ў найцяжэйшай вагавай катэгорыі нашы штангісты занялі абедзве верхнія прыступкі п'едэстала: золата забраў Аляксандр Курловіч, срэбра – Леанід Тараненка.

Аляксандр Курловіч у Барселоне

Свае медалі беларусы цяпер прымалі пад роднымі сімваламі. За асабістыя поспехі ў Барселоне ўздымалі бел-чырвона-белы сцяг і выконвалі наш гімн. Дэлегацыя яшчэ была аб'яднанай, але ўвесь свет ужо бачыў на п’едэстале Беларусь.

Лілехамер-94 - пад бел-чырвона-белым сцягам

Толькі ў верасні 1993 года наш Нацыянальны алімпійскі камітэт атрымаў поўнае міжнароднае прызнанне. Цяпер Беларусь магла выступаць на Гульнях як незалежная дзяржава. Найбліжэйшая Алімпіяда пачыналася ўжо ў лютым 94-га ў нарвежскім Лілехамеры. Бо зімовыя і летнія спаборніцтвы пасля 1992 года вырашылі праводзіць у розныя гады.

Беларускім алімпійцам было няпроста. Асобная дэлегацыя ўжо з'явілася, а грошай на яе падрыхтоўку катастрафічна бракавала. Біятланістаў, напрыклад, перад той паездкай адправілі трэніравацца на аўстрыйскі ледавік, дзе на снезе яны правялі ўсяго шэсць дзён, а яшчэ па паўтара сутак у кожны бок займала дарога. І гэта на старым аўтобусе з няспраўнай печкай, які мог зламацца ў любую хвіліну.

Цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Ліліхамеры

У Лілехамер адправіліся трыццаць тры беларускія спартоўцы, якія выступалі ў сямі відах спорту. На цырымоніі адкрыцця наша дэлегацыя ішла ўжо пад уласнай назвай "Belarus". Наперадзе лунаў бел-чырвона-белы сцяг, які з гонарам нёс біятланіст Яўген Рэдзькін, чэмпіён папярэдніх Гульняў у Альбервілі.

Першую ўзнагароду нашай самастойнай зборнай прынёс канькабежац Ігар Жалязоўскі, які заваяваў срэбра на тысячы метраў. Да той паездкі ён ужо шэсць разоў выйграваў сусветнае першынство ў спрынтарскім мнагабор’і, але алімпійскага золата яшчэ не меў. На жаль, беларус саступіў пераможцу ўсяго дваццаць дзевяць сотых секунды.

Ігар Жалязоўскі

Другую ўзнагароду для Беларусі заваявала біятланістка Святлана Парамыгіна, выйграўшы срэбра ў спрынце. Свой алімпійскі медаль яна выйграла на лыжах, на якіх бегала яшчэ з 1989 года.

Святлана Парамыгіна на цырымоніі ўзнагароджання

У гонцы на пятнаццаць кіламетраў Парамыгіна фінішавала чацвёртай. Пасля гэтага журналісты перагледзелі запіс стральбы і западозрылі, што аўтаматычная мішэнь не залічыла некалькі трапных стрэлаў, праз што Святлана атрымала лішнія штрафныя хвіліны. Аднак суддзі заявілі, што абсталяванне спрацавала правільна і вынік не змянілі.

Не абышлося і без кур'ёзаў. Алімпійскую прэмію ў тры тысячы даляраў Святлане выдалі банкнотамі шасцідзясятых гадоў выпуску. Грошы яна аддала бацьку, каб той набыў машыну. Але на аўтарынку ў Брэсце прадаўцы адмаўляліся прымаць тыя купюры, думаючы, што яны падробленыя. Урэшце знайшліся заўзятары, якія ведалі пра выступленне Святланы, і бацька змог купіць аўтамабіль.

Маркі, прысвечаныя беларускай камандзе на Алімпіадзе 1994 г.

У агульным заліку Беларусь апынулася на пятнаццатым месцы дзякуючы двум срэбрам, а беларусы ўпершыню ўбачылі ў выніковай табліцы асобны радок з назвай сваёй краіны. У гонар той Алімпіяды былі выпушчаныя дзяржаўныя паштовыя маркі з спартоўцамі, якія сёння цэняцца фелатэлістамі.

Атланта-96. Першае золата незалежнай Беларусі

Дэбютнымі летнімі Гульнямі для беларускай каманды сталі спаборніцтвы 1996 года, якія прымала амерыканская Атланта.

Цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Атланце

Тут адбылася доўгачаканая падзея – першае ў гісторыі нашай самастойнай зборнай золата. Яго прынесла вяслярка Кацярына Хадатовіч, якая пазней стане сусветна вядомай пад прозвішчам мужа – Карстэн.

Кацярына Хадатовіч на цырымоніі ўзнагароджання

У паўфінале беларуска сустрэлася з канадкай, адной з галоўных фаварытак. Пазней Кацярына ўспамінала, як па парадзе трэнера Анатоля Квяткоўскага прапусціла суперніцу наперад і зрабіла выгляд, быццам зусім стамілася. А ў вырашальным заездзе за дзвесце пяцьдзясят метраў да фінішу рэзка паскорылася. Адказаць на гэты рывок канкурэнтка не здолела і саступіла амаль тры секунды.

Пасля фінішу, праўда, канадскія журналісты запатрабавалі дыскваліфікаваць пераможцу. На іх думку, Хадатовіч пачала веславаць раней за стартавы сігнал. Аднак трэнеры срэбнай прызёркі афіцыйнага пратэсту не падалі, і вынік застаўся ў сіле.

У жаночай васьмёрцы беларуская лодка прыйшла трэцяй. На п'едэстал тады ўзняліся дзевяць спартсменак, бо разам з вясляркамі бронзу атрымала і рулявая.

Чатыры бронзавыя медалі выйграў у Атланце Віталь Шчэрба. Пры гэтым у снежні 95-га яго жонка Ірына трапіла ў аўтамабільную аварыю ў ЗША і каля месяца заставалася ў коме. Гімнаст спыніў падрыхтоўку, даглядаў малую дачку і амаль увесь час праводзіў у бальніцы. Калі стан жонкі палепшыўся, менавіта яна пераканала мужа вярнуцца да трэніровак.

Віталь Шчэрба ў Атланце

Такую ж колькасць медаляў прынеслі і барцы. Незвычайна склаўся фінал Сяргея Ліштвана ў грэка-рымскім стылі. За восем хвілін ні ён, ні сапернік з Польшчы не набралі ніводнага бала. Перамогу суддзі аддалі паляку, бо беларус часцей атрымліваў папярэджанні за пасіўнасць. Нашаму атлету дасталося срэбра.

Сяргей Ліштван на цырымоніі ўзнагароджання

У тым жа стылі другім стаў Аляксандр Паўлаў, а бронзу ўзяў Валерый Цыленьць. Яшчэ адну срэбную ўзнагароду заваяваў прадстаўнік вольнай барацьбы Аляксей Мядзведзеў.

Другім у стральбе з пісталета на пяцьдзясят метраў стаў Ігар Басінскі. Папярэднюю Алімпіяду ў Барселоне ён прапусціў, бо падчас збораў памёр яго бацька і спартсмен вярнуўся дадому на пахаванне.

Ігар Басінскі

У кіданні дыска на п'едэстал узняліся адразу двое беларускіх дыскаболаў: Уладзімір Дуброўшчык заваяваў срэбра, а Васіль Капцюх узяў бронзу.

У жаночым кіданні дыска беларусы таксама не засталіся без музнагарод – трэцяй стала Эліна Зверава. Срэбра ў сямібор'і заваявала Наталля Сазановіч.

Наталля Сазановіч і Эліна Зверава на цырымоніі ўзнагароджання

Па выніку з Атланты Беларусь прывезла пятнаццаць медалёў – з іх адзін залаты, шэсць срэбных і восем бронзавых. У агульным заліку наша каманда заняла трыццаць сёмае месца. Пры гэтым перад паездкай кіраўніцтва НАК разлічвала на пяць перамог, але адзіную здабыла вяслярка, ад якой чэмпіёнства якраз і не чакалі.

Нагана-98. Скандалы Лукашэнкі, хакей і піва

У лютым 98-га зімовыя Гульні щ горадзе Нагана прымала Японія, адкуль беларусы прывезлі два медалі і дваццатае месца ў агульным заліку.

Першую ўзнагароду прынёс біятланіст Аляксей Айдараў, у гонцы на дваццаць кіламетраў. Ён памыліўся толькі на апошняй стральбе і атрымаў штрафную хвіліну, з-за чаго прыйшоў трэцім.

Аляксей Айдараў на Алімпіядзе ў Нагана

У Японіі беларусы маглі здабыць і першае "зімовае" золата. У спрынце на дзесяць кіламетраў Аляксандр Папоў адстраляўся без промахаў і фінішаваў з найлепшым на той момант часам. Але снегапад і туман узмацніліся настолькі, што ўдзельнікі перасталі бачыць мішэні. Гонку спынілі, а ўсе вынікі скасавалі. На наступны дзень давялося бегчы нанова, і гэтым разам наш спартсмен заняў толькі пяцьдзясят пятае месца.

Другую бронзу ўзяў дваццацігадовы фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі. Кваліфікацыю менчук выйграў, але пасля першага фінальнага скачка ішоў толькі пятым. Самую складаную камбінацыю ён збярог на другую спробу і ў выніку падняўся на п'едэстал. Гэта была першая алімпійская ўзнагарода ў гісторыі беларускага фрыстайла.

Дзмітрый Дашчынскі

У Нагана дэбютавала і наша хакейная зборная, якая яшчэ годам раней выступала ў другім дывізіёне чэмпіянату свету.

Беларусы пачыналі з папярэдняга этапу, дзе толькі пераможца выходзіў у асноўны раунд. Нашы хакеісты бліскуча справіліся з задачай, разграміўшы французаў і немцаў, а з гаспадарамі турніру згулялі ўнічыю.

Зборная Беларусі перад гульнёй з немцамі ў Нагана

У наступнай частцы турніру перамог ужо не было – тры паразы ад ЗША, Канады і Швецыі. У чвэрцьфінале беларусы гулялі з пераможцам другой групы – расіянамі. На жаль беларусы змаглі закінуць толькі адну шайбу супраць чатырох у сваю браму.

Але хакейны дэбют быў па-сапраўднаму паспяховым. У яго гонар нават з'явілася асобнае піва. "Крыніца" выпусціла піва "Нагана" моцнасцю цэлых восем працэнтаў, дзе на этыкетцы красаваліся гульцы зборнай.

Этыкетка піва "Нагана"

Акрамя спаборніцтваў, Алімпіяда ў Японіі запомнілася яшчэ і прыездам Лукашэнкі. Пасля рэферэндуму 1996 года ён падпарадкаваў сабе парламент і суды, а ў наступным годзе ўзначаліў яшчэ і Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Паляцець у Нагана ён вырашыў пасля першых перамог хакеістаў. Тагачасны пасол у Японіі Пётр Краўчанка ўспамінаў, што самалёт ужо быў у дарозе, а дыпламаты яшчэ дамаўляліся пра ягоны прылёт. Госць запатрабаваў сустрэчы з імператарам ці прэм'ер-міністрам. Японцы адказалі, што дзяржаўнага візіту ніхто не рыхтаваў.

За мяжой Лукашэнка паводзіў сябе гэтак жа па-хамску, як і дома.

Лукашэнка на Алімпіядзе ў Нагана

Калі ў адным з матчаў беларусы прайгралі першы перыяд, Лукашэнка вырашыў сам пагаварыць з хакеістамі і рушыў у распранальню. Спартыўныя чыноўнікі кінуліся яго спыняць, тлумачачы, што туды нельга. Усё адбывалася на вачах кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта, але Лукашэнка нікога не слухаў. Пад напорам прэзідэнцкай аховы, беларускага правіцеля ўсё ж прапусцілі.

Іншым скандалам Лукашэнка адзначыўся калі вырашыў пакатацца па пагорках на лыжах. Разам з аховай ён выехаў на заснежаныя прыватныя рысавыя палі, што моцна абурыла гаспадароў. Канфлікт атрымалася ўладзіць толькі пасля ўмяшальніцтва японскага МЗС.

У дзевяностыя Беларусь прайшла шлях ад выступленняў у складзе Аб’яднанай каманды да ўласнай алімпійскай зборнай. За гэты час былі першыя медалі пад нацыянальным сцягам, доўгачаканае золата і хакейны дэбют сярод наймацнейшых.

Але, бадай, галоўнае дасягненне нашых спартсменаў вымяралася не колькасцю ўзнагарод. Сваімі перамогамі яны прымусілі ўвесь свет гаварыць пра Беларусь як незалежную краіну.