© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Беларускія 90-я

31 августа 2026

У інфармацыйнай прасторы трывала прапісалася фраза-штамп: «ліхія 90-я», якая ў беларусаў найчасцей выклікае асацыяцыі з Расеяй.

Рамантызацыі таго перыяду паспрыялі серыял “Брыгада” і фільм Бумер.

Большасць ведае ці хаця б чула, што адбывалася там у той час: дзікі капіталізм, драпежны перадзел маёмасці, бандыты ў малінавых пінжаках.

Але калі заходзіць гаворка пра тое, якімі былі дзевяностыя ўласна ў самой Беларусі, большасць мала што можа ўзгадаць, быццам тут нічога і не адбывалася.

А між тым і ў Беларусі былі свае «шалёныя 90-я», якія сталі часткай адметнай беларускай гісторыі.

Галеча з аднаго боку і нечаканае багацце з іншага сталі маркерамі першых гадоў незалежнасці, калі адныя выжывалі на пару дзясяткаў даляраў у месяц, а іншыя маглі за вечар праматаць у рэстаране сотні.

Новая эпоха нараджала і новых гаспадароў лёсу. Беларусь у той час была тыповай постсавецкай краінай дзе старая сістэма кантролю развалілася, а новая яшчэ не паспела сфармавацца.

Крымінальныя 90-я

Мясцовы крымінал хутка скарыстаўся новымі магчымасцямі і пачаў актыўна ўбудоўвацца ў новую рэальнасць як яе арганічная частка. Адным з галоўных сімвалаў той эпохі стаў сталічны Камароўскі рынак.

Тут круціліся вялікія жывыя грошы, выбудоўваліся складаныя гандлёвыя схемы, адбываліся буйныя гешэфты. Не дзіва, што рынак вельмі хутка трапіў спачатку пад увагу, а з часам і пад кантроль крымінальных «брыгад». Гандляры плацілі за «дах»– фактычна за магчымасць спакойна працаваць. Нязгодных жорстка каралі.

Падобныя схемы дзейнічалі і на «Дынама», і ў Ждановічах, якія ў сярэдзіне 90-х ператварыліся ў буйныя гандлёвыя цэнтры сталіцы.

Хутка крымінал набыў у Беларусі такі ўплыў, што нават звычайныя людзі часта звярталіся па дапамогу не ў дзяржаўныя органы, а наўпрост да «аўтарытэтаў», бо гэта лічылася больш эфектыўным.

Тутэйшы крымінальны свет умоўна дзяліўся на дзве плыні: так званых «беспрадзельшчыкаў» з ліку былых і нават дзеючых спартоўцаў і «злодзеяў ў законе», звязаных з постсавецкім крымінальным светам.

Да першых адносіліся брыгады “Пасялковых”, Валіка Карэтнікава, “Шалаеўскія”. Лідара апошніх, Валерыя Шалаева, які кантраляваў частку рынкаў і забаўляльных устаноў горада, узарвалі ў аўтамабілі каля сталічнага ўніверсама «Рыга».

Другую плынь – прадстаўлялі аўтарытэты старой школы. Адной з ключавых фігур якой у Беларусі быў Леў Эпштэйн, вядомы як «Лёва Бяльмо»,адзін з першых «законнікаў» БССР.

Крымінальныя аўтарытэты з’яўляліся генераламі ў іерархіі “сматрачых” і блатных ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Менавіта гэтыя аўтарытэты удзельнічалі ў вырашэнні канфліктаў і задавалі агульныя правілы гульні.

Ужо ў пачатку 90-х вакол «Бяльма» вырасла новае пакаленне – найбольш вядомыя Пётр Навуменка («Навум») і Уладзімір Клешч («Шчаўлік»), якія ўдзельнічалі ў размеркаванні ўплыву і кантролі ў маладой рэспубліцы.

У пэўным сэнсе гэта задавальняла і тагачасныя ўлады, бо, у адрозненне ад Расеі, у беларускім крымінальным свеце ўсталявалася адносная ўпарадкаванасць. Краіна была хутка падзелена на зоны без адкрытых крымінальных войнаў, гучных перастрэлак і характэрных для таго часу шэрагаў помнікаў на могілках загінулым прадстаўнікам крымінальнага свету.

Aле было і выключэнне – Гомель, акурат з-за дамінавання бепрэдзельшчыкаў. У той час горад фактычна дзялілі паміж сабой брыгады «пажарнікаў» і Марозава. «Банда Марозава», якая пазней паглынула канкурэнтаў і праіснавала амаль да сярэдзіны нулявых, – лічацца адной з самых жорсткіх у беларускай крымінальнай гісторыі.

Гэта была вялізная разгалінаваная крымінальная структура, якая скарумпавала мясцовых міліцэйскіх начальнікаў і нават мела сваю выведку.

Банда займалася рэкетам, кантролем камерцыйных прадпрыемстваў, выкраданнямі і «аховай» бізнесу. Любыя канфлікты вырашаліся праз гвалт і забойствы. Менавіта такія метады зрабілі групоўку прыкладам крымінальнага свавольства ў тутэйшыя «ліхія дзевяностыя».

Ценявы бізнэс

Адным з самых вядомых ценявых бізнесаў пачатку 90-х стаў прыём медзі ў насельніцтва, які звычайна адбываўся пад «дахам» крымінальных груповак.

Медзь збіралі і здавалі ўсе, каму не лянота, асабліва ўчарашнія піянеры выхаваныя савецкай школай збіраць макулатуру і металалом. Здабывалі яе ўсюды, дзе можна і нельга, часам нават здымалі медныя катушкі з ліфтаў, надоўга выводзячы іх з ладу. Сабраны метал потым вывозілі ў Літву, а адтуль далей на Захад.

Пачатак 90-х у Беларусі стаў і часам, калі сфармаваліся ў беларусаў звычкі характэрныя да сёння. Напрыклад лічыць усё ў далярах і захоўваць частку грошай у зялёных. Менавіта тады даляр раптам ператварыўся ў галоўную валюту што нарадзіла новую прафесію – валютчык.

Людзі з барсэткамі на поясе і калькулятарамі ў кішэні фактычна замянялі сабой банкі і афіцыйныя абменныя пункты. Ва ўсіх буйных гарадах можна было пачуць у прахадных месцах: «даляры, марачкі, расійскія рублі».

Хоць абменныя аперацыі з рук былі нелегальныя, людзі ішлі да валютчыкаў. Бо афіцыйны курс моцна адрозніваўся ад таго, што прапаноўвалі вулічныя «мянялы». Безумоўна што частку свайго прыбытку валютчыкі адсцёгвалі крыміналу.

Беларускі крымінал меў судачыненні не толькі з прадпрымальнікамі. У сярэдзіне 90-х сітуацыя пачала закранаць і прадстаўнікоў улады. У 1997 годзе быў забіты Яўген Мікалуцкі – кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю па магілёўскай вобласці і асабісты сябар Лукашэнкі. Яго ліквідавалі з дапамогай выбухоўкі, закладзенай у пад’ездзе дома. І на гэты раз гаворка ішла ўжо не пра бізнесмена ці бандыта, а пра дзяржаўнага дзеяча высокага рангу.

Менавіта пасля забойства Мікалуцкага дзяржава пачала жорсткую барацьбу з крыміналам, у тым ліку метадамі, якія пазней будуць называць пазасудовымі і “неканстытуцыйнымі”.

У выніку крымінальныя босы пачалі раптоўна знікаць адзін за адным. У гэтых знікненнях будуць абвінавачваць сумнавядомыя «эскадроны смерці», якія, пазней звяжуць з знікненнямі апазіцыйных палітыкаў.

Забароненыя рэчывы

На пачатку 1990-х гадоў у Беларусі разам з новай эканомікай і адноснай свабодай у паўсядзённае жыццё пачалі ўваходзіць раней амаль невядомыя з’явы – наркотыкі. Імкненне паспрабаваць усё новае ў жыцці выклікала нездаровую цікавасць да забароненых рэчываў.

У першай палове 90-х былі папулярныя не «клубныя» наркотыкі, а так званы «вінт» і апіяты з маку. На слэнгу таго часу яго яшчэ называлі «шырка». Такія наркотыкі былі адносна даступныя, бо сыравіну можна было атрымаць у сельскай мясцовасці, а сам працэс вырабу не патрабаваў складанага абсталявання. Паралельна з самаробнымі апіятамі ў Беларусь пачалі трапляць і іншыя рэчывы, найбольш небяспечным з якіх быў гераін.

Гэта было звязана з тым, што краіна апынулася на транзітных маршрутах паміж Усходам і Захадам, і частка наркатрафіку заставалася ўнутры краіны.

Вялікім попытам карыстаўся і канабіс, аднак на фоне гераіну ён не прыцягваў такой увагі праваахоўных органаў.

Асноўнай праблемай заставаліся менавіта ін’екцыйныя наркотыкі, з якімі былі звязаныя найбольш цяжкія наступствы – перадусім імклівы рост ВІЧ-інфекцыі.

У сярэдзіне 1990-х у Светлагорску адбылася адна з самых вядомых у Беларусі ўспышак ВІЧ, наўпрост звязаная з ін’екцыйным ужываннем наркотыкаў. За вельмі кароткі перыяд, літаральна за некалькі гадоў, там было зафіксавана больш за тысячу выпадкаў заражэння. Для адносна невялікага гараду гэта былі каласальныя лічбы.

“Клубнічка”

Беларусь, як адна з найбліжэйшых да Захаду рэспублік, адной з першых трапіла пад плыню новай сексуальнай культуры. У краіну хлынулі польскія часопісы, порна-відэа і тавары з сэкс-шопаў, якія для многіх выглядалі сімвалам раней забароненага свету.

Само грамадства даволі хутка прызвычаілася і да такой з’явы, як прастытуцыя. Зразумела, што яна існавала і ў савецкія часы, але тады была значна больш кантраляванай і схаванай.

У 90-я ўсё змянілася – з’явіліся грошы, з’явіўся попыт, і разам з гэтым з’ява выйшла ў адкрытую прастору. У Мінску гэта адчувалася асабліва выразна. Людзі ведалі канкрэтныя месцы, дзе можна было сустрэць дзяўчат, якія працуюць «на кліента». І тут гаворка ідзе не пра адзінкавыя выпадкі, а пра цэлыя зоны, якія былі ўсім вядомыя.

Адной з галоўных кропак быў вакзал і тэрыторыя вакол яго. Другі важны раён – Няміга, праспекты Скарыны і Машэрава, тэрыторыі каля ГУМа і Цырка. Там, дзе ўвечары з’яўлялася жыццё, дзе былі бары, першыя клубы і круціліся грошы. Дзяўчаты маглі проста знаходзіцца ў гэтых месцах, чакаючы кліентаў, або знаёміцца непасрэдна ва ўстановах.

Асобная гісторыя – гэта гасцініцы: «Інтурыст», «Планета», «Юбілейная», «Беларусь». Гэта ўжо быў іншы ўзровень – тут тусаваліся так званыя «валютныя прастытуткі», бо менавіта пры гатэлях круціліся замежнікі, бізнесмены, людзі з далярамі.

Паводле ўспамінаў таго часу, у Мінску сярэдзіны 90-х звычайныя паслугі маглі каштаваць ад 10–15 да 40–50 даляраў, «ноч» або суправаджэнне – ужо 80–100 даляраў і вышэй. Для разумення, гэта былі вельмі вялікія грошы на той момант. Таму сярод тых, хто займаўся прастытуцыяй, было шмат іншагародніх студэнтак, маладых жанчын без стабільнага даходу, а часам і тых, хто проста шукаў хуткі падзаробак.

Начное жыццё 90-х

Начное жыццё таго часу было сумессю свабоды, хаосу і непрадказальнасці. Ніхто дакладна не ведаў, што і як будзе заўтра, але менавіта гэта стварала сваеасаблівую атмасферу.

У пачатку 90-х у Мінску яшчэ не існавала клубнай індустрыі ў сучасным разуменні. Месцамі дыскатэк былі дамы культуры і выпадковыя залы, дзе можна было паставіць апаратуру і ўключыць музыку.

Калі ўявіць «тусовачны» Мінск самага пачатку 90-х, то гэта хутчэй рэстараны працуючыя да пазна, якія можна было пералічыць па пальцах: «Юбілейны», «Планета», «Папараць-кветка», «Сосны», кафэ «Мінск» – і гэта амаль усё. Для тых, хто меў грошы, і недагуляў асобным шыкам лічылася ўзяць таксі і паехаць працягваць банкет у аэрапорт Мінск-2, дзе працаваў начны рэстаран.

Адным з першых месцаў з намёкам на сапраўдны клуб стала «Клубнае шоу» ў Палацы культуры МТЗ, якое з’явілася яшчэ ў 1989 годзе. Атмасфера там была напаўкрымінальная і цалкам у духу часу: у адной зале маглі быць баі кікбаксёраў у рынгу, побач — эратычныя танцы без ліфчыкаў, а часам сабачыя баі з пітбулямі. На гэтыя шоу прыязджалі людзі нават з Расіі і Украіны – для Мінска гэта было нешта неверагоднае.

І раптам, у горадзе пачалі адкрывацца сапраўдныя начныя клубы. Моладзь літаральна хлынула туды – гэта быў сапраўдны выбух начнога жыцця. Ніхто не ведаў, як правільна хадзіць у клуб, як апранацца, якая музыка модная. Усе вучыліся на хаду – і арганізатары, і наведнікі. Пра новыя месцы даведваліся праз «сарафаннае радыё». Чуткі і плёткі былі галоўным інфармацыйным каналам Мінска 90-х. Па ўспамінах сучаснікаў, такога ажыятажу, як у той час, у горадзе больш не было ніколі.

Многія з гэтых месцаў сёння ўжо амаль забытыя або засталіся толькі ва ўспамінах, але ў той час яны былі сімваламі новай эпохі. Такія назвы, як «Johnny B. Good», «Шайба», «Чорны лімон» і іншыя – гэта былі не проста клубы ў сучасным разуменні. Гэта былі месцы, куды хадзілі не толькі патанчыць, але і знаёміцца і дамаўляцца.

Паход у такі клуб у тыя часы сам па сабе быў падзеяй. Гэта ўжо не была савецкая дыскатэка ў Доме культуры. Тут быў іншы ўзровень – музыка, святло, інтэр’еры, якія спрабавалі капіяваць заходнія ўзоры. Гэта стварала адчуванне, што ты трапіў у іншы свет.

Адным з першых легендарных месцаў стаў клуб «Ксантыя». Ён існаваў нядоўга, але гісторыі пра яго ходзяць дагэтуль. Клуб размяшчаўся ў рытуальнай зале Дома афіцэраў, дзе яшчэ ўчора развітваліся з савецкімі генераламі. Ужо адно гэта рабіла яго сімвалам новай эпохі. Для інтэр’еру на ланцугах падвесілі сапраўдны аўтамабіль, вакол – чорны граніт, дэкарацыі і шмат дзяўчын мадэльнай знешнасці.

Другім легендарным месцам пачатку 90-х стаў рэстаран-клуб «Чорны лімон». Як успамінаў вядомы беларускі вядучы і тэлепрадзюсар Ягор Хрусталёў, «Знаёмы заказаў у “Чорным лімоне” крыху алкаголю, шампанскага і чатыры порцыі дранікаў з ікрой – і яму прынеслі рахунак на 400 даляраў. Ён дастаў грошы, пералічыў і расплаціўся. Тады ў кабаках можна было плаціць далярамі. Людзі жылі на 15–20 даляраў у месяц, а тут за адзін вечар сыходзіла такая сума». Часам гулялі так, што ў бары заканчваўся ўвесь алкаголь.

У сярэдзіне дзесяцігоддзя клубнае жыццё пачало імкліва развівацца. З’яўляліся новыя пляцоўкі са сцэнай, гукам, аховай і пастаяннай публікай. У гэты час у Мінску з’яўляюцца месцы, якія пазней стануць легендамі: «Рэактар» на Харужай, «Шайба» каля гатэля «Беларусь». А таксама выпадковыя клубы, што маглі адкрыцца і закрыцца за адзін сезон. Пры гэтым дрэс-код быў умоўны: у адным зале маглі тусавацца студэнты, музыкі, спартсмены, бізнесмены і людзі з крымінальнага асяроддзя.

Такімі былі беларускія 90-я. Для кагосці перыяд нестабільнасці і бязладдзя, а для кагосці час магчымасцяў. У любым выпадку – яны былі па-беларуску адметнымі, з уласнымі героямі, з’явамі і культавымі месцамі.

P.S. Пра гэтую і іншыя цікавыя гісторыі вы можаце даведацца больш у нашым дакументальным цыкле «Адлік», прысвечаным найноўшай гісторыі Беларусі. Глядзіце выпуск па спасылцы.