© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Беларускія страйкі

31 марта 2026

Забастоўкі ў БССР

Напрыканцы 1980-х гадоў у БССР, якую доўгі час лічылі адной з самых ціхіх савецкіх рэспублік, пачала мяняцца атмасфера. Пад знешняй абалонкай стабільнасці назапашваліся праблемы, якія не вырашаліся гадамі — дэфіцыт тавараў, рост коштаў, зніжэнне рэальнага заробку, цяжкія і часта небяспечныя ўмовы працы.

У нейкі момант гэтае напружанне выйшла за межы размоваў на кухнях і ў гаражах. І забастоўкі, якія ў савецкай прапагандзе паказваліся як з’ява ўласцівая капіталізму і «загніваючаму Захаду», раптам сталі для Беларусі рэальнасцю.

У другой палове 1980-х гадоў у БССР відавочна адчуваўся эканамічны заняпад. Афіцыйныя заробкі фармальна заставаліся «стабільнымі», але іх пакупніцкая здольнасць пастаянна зніжалася. Дэфіцыт тавараў першай неабходнасці стаў нормай, а доступ да многіх рэчаў вырашаўся толькі праз “блат” —неабходныя сувязі.

Асабліва востра гэта адчувалі рабочыя — шахцёры, машынабудаўнікі, чыгуначнікі, акрамя таго іх праца мела высокі ўзровень нагрузкі і рызыкі для здароўя. Пры гэтым мясцовыя прафсаюзы, якія павінны былі абараняць інтарэсы рабочых, з’яўляліся часткай сістэмы і па факце ніяк не спрыялі паляпшэнню агульнага становішча працоўных. Так у краіне пачынае нараджацца паўсюдная незадаволенасць, якая стварыла глебу для сацыяльна-палітычнага выбуху.

Першым званком стаў 1989 год, калі ў Салігорску пачаліся масавыя выступленні шахцёраў. Праца на «Беларуськаліі» ўжо даўно лічылася адной з самых цяжкіх у краіне. Да таго фактычны рабочы дзень перавышаў нарматыўны, бо ў афіцыйны ўлік не ўваходзілі спускі ў шахты і перамяшчэнні пад зямлёй.

Пры гэтым узровень траўматызму і прафесійных захворванняў заставаўся высокім, а многія супрацоўнікі не дажывалі і да пяцідзесяці гадоў. Заробкі ж былі несувымерныя з такой рызыкай.

Менавіта таму патрабаванні салігорскіх рабочых перадусім мелі сацыяльны характар — павышэнне аплаты і бяспекі, а таксама рэальнае скарачэнне рабочага дня.

Але хутка стала відавочна, што чыста сацыяльна-эканамічныя патрабаванні натыкаюцца на палітычныя пытанні. Любая спроба змяніць сітуацыю ўпіралася ў партыйную вертыкаль, якая кантралявала і прадпрыемствы, і прафсаюзы, і органы ўлады. Таму ў асяроддзі шахцёраў неўзабаве з’яўляюцца і больш шырокія пытанні — пра паслабленне ролі КПСС у жыцці краіны, а таксма магчымасць рабочых самарганізоўвацца.

У 1990 годзе геаграфія працоўных выступаў пашыраецца. Адным з ключавых эпізодаў становіцца забастоўка на «Гомсельмашы». Гомель у той час знаходзіўся ў асаблівым становішчы — наступствы Чарнобыльскай катастрофы працягвалі ўплываць на жыццё рэгіёну, але дзяржаўная палітыка кампэнсацый і абароны насельніцтва часта мела фармальны характар.

Таму мясцовыя рабочыя, акрамя пытанняў паляпшэння матэрыяльнага становішча, падымалі экалагічныя тэмы і пытанні прызнання рэальных маштабаў чарнобыльскай катастрофы.

1991 Мінскі “lucky strike”

Пачатак 1991 года стаў пераломным. Рэзкае павышэнне цэн у Савецкім Саюзе літаральна за некалькі дзён змяніла жыццё мільёнаў людзей. Тавары першай неабходнасці падаражэлі ў разы, у той час як заробкі засталіся ранейшымі. Для многіх сем’яў гэта азначала, што нават базавыя патрэбы становяцца цяжкадасягальнымі.

Менавіта ў гэты момант назапашаная незадаволенасць і папярэдні досвед выліліся ў самы маштабны забастовачны рух у гісторыі БССР. Першымі адрэагавалі буйныя прадпрыемствы Мінска, але вельмі хутка хваля пратэсту перакінулася ў рэгіёны. Забастоўкі ахапілі дзясяткі гарадоў і сотні тысяч людзей.

Асабліва важна, што гэты рух меў выразную арганізацыйную структуру. На месцах ствараліся стачкамы, а таксама з’явіўся рэспубліканскі забастовачны камітэт. Гэты народны орган аб’яднаў прадстаўнікоў каля сотні розных прадпрыемстваў. Стачкамы не толькі каардынавалі акцыі, але і вялі перамовы з уладамі, фармулявалі агульныя патрабаванні, вырашалі, калі працягваць або прыпыняць забастоўкі.

Характэрнай асаблівасцю пратэстаў 1991 года стала перапляценне сацыяльнага і палітычнага. Большасць рабочых выходзілі з канкрэтнымі жыццёвымі патрабаваннямі — заробкі, кошты, сацыяльныя гарантыі. Але ўсім было зразумела, што без зменаў у сістэме кіравання гэтыя праблемы не вырашацца. Таму побач з простымі лозунгамі пачалі з’яўляцца і палітычныя тэмы — ад крытыкі партыйнага кантролю і патрабаванняў адказнасці ўладаў да ліквідацыі савецкай сістэмы.

Пратэст пачаўся з буйных мінскіх машынабудаўнічых і электратэхнічных заводаў, дзе калектывы спынялі працу і выходзілі за межы прадпрыемстваў. Пазней спынілася дзейнасць трактарнага і аўтамабільнага заводаў і іншых гігантаў Мінска.  Рабочыя заблакавалі рух на вуліцы Даўгабродскай і калоннамі прайшлі па цэнтры сталіцы да Дома ўрада.

З’яўленне рабочых у цэнтры Мінска мела важнае практычнае значэнне. Такі сцэнар ламаў звыклую савецкую мадэль лакальнай незадаволенасці ўнутры цэха.

Услед за Мінскам забастоўкі хутка ахапілі іншыя рэгіёны. Да пратэсту далучаліся прадпрыемствы ў Салігорску, Воршы, Гомелі, Барысаве, Маладзечне, Лідзе і іншых гарадах. Асабліва важна, што гэта была хваля салідарнага арганізаванага супраціву, а не асобныя некантраляваныя выступы. І хоць да з’яўлення Інтэрнэту было яшчэ 15 гадоў, людзі сачылі за падзеямі ў іншых гарадах, абмяркоўвалі іх і прымалі рашэнні калектыўна.

Улады сур’ёзна баяліся, што рабочы рух у Беларусі можа разгарнуцца да маштабаў польскай «Салідарнасці» — руху, які праз восем гадоў страйкаў і змагання прывёў сваіх лідараў да ўлады.

Таму ў 1991 годзе савецкае кіраўніцтва было вымушана ісці на перамовы і абмежаваныя саступкі. Прагучалі абяцанні пра індэксацыю заробкаў і змякчэнне наступстваў рэзкага росту цэнаў.

Але галоўны вынік красавіцкай забастоўкі 1991 года быў не ў асобных эканамічных саступках. Гэта быў час, калі сотні тысяч беларусаў па ўсёй рэспубліцы ўпершыню адчулі сябе калектыўнай сілай, здольнай уплываць на ход падзей.

Краіна ж імкліва ўваходзіла ў фазу глыбокіх палітычных зменаў, у якіх лідары працоўных яшчэ адыграюць сваю ролю.

Так рабочы «Гомсельмашу», адзін з арганізатараў беларускага рабочага руху Гомля Барыс Гюнтар.

У 1990 — стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1990–1995) ад Гомельска-Сельмашаўскай акругі. Дзе ў шэрагах апазіцыі БНФ змагаўся ў тым ліку і за незалежнасць Беларусі.

Другой знакавай фігурай рабочага руху стаў Сяргей Антончык, якога называлі «беларускім Валенсам».

Антончык працаваў на Мінскім вытворчым аб’яднанні імя Леніна («Белвар»), і быў адным з лідараў забастоўкі красавіка 1991 года. Ад Ясенінскай акругі Мінска на платформе БНФ ён прайшоў у Вярхоўны Савет 12 склікання.

Там Антончык 20 снежня 1994 года публічна выступіў з дакладам пра карупцыю ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі. Рэакцыя на гэты даклад стала нечаканай і скончылася слязамі Лукашэнка.

“Слава Воршы ўжо нягорша”

Але найбольш вострыя эпізоды супрацьстаяння дзяржавы і рабочых адбыліся не ў сталіцы, а ў правінцыйнай Воршы.

Да таго моманту пратэсты ў Воршы ўжо не былі чымсьці экзатычным. Рабочыя розных заводаў збіраліся на мітынгі, хадзілі калонамі з прадпрыемства на прадпрыемства, заклікаючы далучацца. У горадзе з’явіўся стачкам, які каардынаваў дзеянні, збіраў патрабаванні, трымаў сувязь з Мінскам. Выходзіла нават уласная газета «Рабочая воля» з салідным для горада накладам. У той час Ворша была прыкладам добра арганізаванага руху працоўных.

Але галоўнае, Ворша мела тое, чаго не мелі іншыя, — стратэгічны чыгуначны вузел. Праз яго ішоў рух у бок Масквы, Прыбалтыкі, Украіны і Заходняй Еўропы.

Пасля безвыніковых перамоў стачкам паставіў ультыматум: калі патрабаванні не будуць разгледжаныя, праца вузла будзе спыненая.

24 красавіка рабочыя перайшлі да дзеянняў — выйшлі да рэек і жывым шчытом перакрылі рух цягнікоў. Спачатку на асобных участках, але хутка блакада ахапіла ўвесь вузел. Чыгуначнікі, якія падтрымлівалі пратэст, не спяшаліся аднаўляць рух. Уся сістэма пачала спыняцца.

На наступны дзень блакада набыла найбольшы маштаб. На чыгунцы знаходзіліся тысячы людзей — рабочыя, чыгуначнікі, звычайныя жыхары Воршы, а таксама бліжэйшых гарадоў і мястэчак. Пратэст фактычна цалкам паралізаваў працу аднаго з ключавых транспартных вузлоў не толькі Беларусі, але і СССР.

У горад былі сцягнутыя значныя сілы міліцыі і спецпадраздзяленняў. Паўсюль хадзілі чуткі пра магчымы сілавы разгон. Напружанне было настолькі высокім, што ўдзельнікі пазней прызнаваліся: кожную хвіліну чакалі нападу з боку сілавікоў.

Аднак улады не пайшлі на жорсткі сцэнар. Пагроза крывавага супрацьстаяння на чыгунцы з тысячамі людзей выглядала занадта рызыкоўнай. Пачаліся перамовы з уладамі, для чаго прадстаўнікі аршанскага стачкама накіраваліся ў Мінск.

26 красавіка аршанскі стачкам прыняў рашэнне спыніць акцыю. Чыгуначны вузел паступова аднавіў працу, а людзі разышліся. Узамен улады часткова задаволілі эканамічныя патрабаванні рабочых у маштабе рэспублікі, у прыватнасці пачалася індэксацыя заробкаў.

Для Воршы падзеі 24–26 красавіка 1991 года сталі зорным часам. Правінцыйны беларускі горад на некалькі дзён апынуўся ў фокусе ўсяго Савецкага Саюза.

Менавіта таму падзеі 24–26 красавіка 1991 года сталі апагеем працоўнага пратэсту і адным з самых вострых эпізодаў забастовачнага руху напярэдадні распаду СССР.

Бастуй, дзетка - 2020

Наступны раз працоўныя масава заявілі пра свае правы, гэтым разам палітычныя, толькі праз 30 год, у 2020 годзе. Тады яны шырока далучыліся да руху за новыя сумленныя выбары.

Асабліва зацятыя пратэсты былі ў гарадах працоўных — Салігорску і Наваполацку.
Забастоўкі адбываліся на «БелАЗе», «Беларуськаліі», «Нафтане», «Гродна Азоце», а на мінскім МЗКТ натоўп рабочых праскандаваў Лукашэнку знакамітае: «Уходи».

P.S. Пра гэтую і іншыя цікавыя гісторыі вы можаце даведацца больш у нашым дакументальным цыкле «Адлік», прысвечаным найноўшай гісторыі Беларусі. Глядзіце выпуск па спасылцы