© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Чарнобыль коштам Беларусі

Чарнобыльская катастрофа стала адной з найвялікшых трагедый у гісторыі Беларусі. Існуюць сведчанні, што савецкія ўлады мэтанакіравана выклікалі радыеактыўныя ападкі на тэрыторыі Беларусі, каб зменшыць пагрозу для буйных расійскіх гарадоў, перадусім Масквы. Такое рашэнне дэманструе другаснае стаўленне да беларусаў, іх здароўя і жыцця. Па сваёй сутнасці гэта можна разглядаць як форму генацыду.

22 апреля 2026

Пра гэта, у прыватнасці, распавядаў маёр Аляксей Грушын у дакументальным фільме BBC «Навука супершторма» (2007). Паводле яго слоў, пасля аварыі экіпажы неаднаразова падымалі ў паветра самалёты са снарадамі, напоўненымі ёдыдам срэбра, каб штучна выклікаць ападкі:

«Конечно, я горжусь тем, что в 1986 году я принимал участие в этих событиях… Направление ветра с запада на восток могло привести к тому, что густонаселённые районы, где находятся такие крупные города, как Москва, Воронеж, Нижний Новгород, Ярославль, пострадали бы… Это была бы катастрофа для миллионов людей», — заяўляў Грушын.

Паводле яго ж слоў, пасля гэтых аперацый радыеактыўныя дажджы выпалі на тэрыторыях у радыусе 30–100 км ад Чарнобыля. У выніку радыяцыйнае забруджванне закранула амаль 70% тэрыторыі Беларусі — больш за 130 тысяч квадратных кіламетраў. У зону забруджвання трапіла каля 2500 населеных пунктаў.

3 Не меншым злачынствам сталі першамайскія дэманстрацыі 1986 года. У той час, калі насельніцтва трэба было абараняць ад радыяцыі і абмяжоўваць знаходжанне на вуліцы, людзей масава выводзілі на святочныя шэсці.

Пазней Міхаіл Гарбачоў прызнаў, што ўлады баяліся панікі і таму замоўчвалі маштабы катастрофы.

Вынікі гэтай палітыкі былі трагічнымі. Захворванне на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей павялічылася ў 33 разы, у дарослых — у 7 разоў. Пры своечасовым інфармаванні і забеспячэнні прэпаратамі ёду многіх наступстваў можна было пазбегнуць. Акрамя таго, у людзей з забруджаных тэрыторый значна ўзрасла колькасць захворванняў нервовай і эндакрыннай сістэм, злаякасных пухлін і прыроджаных паталогій.

Асобнай трагедыяй стаў лёс ліквідатараў. Многія з іх неўзабаве памерлі або атрымалі цяжкія захворванні. Яны часта працавалі без належнай абароны. Пажарны Мікола Мікіценка ўспамінаў: «Я быў там 20 дзён. Нам не казалі праўды пра выпраменьванне, але арганізм сам даваў знакі — кружылася галава, пачыналася ірвота. Шмат хто хутка памёр».

Катастрофа нанесла і каласальны эканамічны ўдар. Агульная шкода ацэньваецца ў 235 млрд долараў — гэта 32 гадавыя бюджэты БССР 1985 года. Тысячы квадратных кіламетраў сельскагаспадарчых зямель былі выведзены з абароту, закрыты дзясяткі прадпрыемстваў, істотна скарацілася пагалоўе жывёлы, а каля чвэрці ляснога фонду краіны пацярпела ад радыяцыі.

Пасля 1986 года нават слова «чарнобыль», якое раней абазначала расліну палын, набыло новае значэнне. Яно стала сімвалам бяды і смерці для беларусаў і вядомым на ўвесь свет.

Катастрофа адбілася і ў народнай творчасці. З’явіліся трагічныя і іранічныя прыпеўкі:
«Перабудова — важны фактар,
Першы ляснуўся рэактар».
Былі і жалобныя песні. У вёсцы Чудзяны запісалі такія радкі:
«Воблака смерці паднялося да неба,
Атамным пылам пакрыла зямлю.
Людзі, схіліўшы галовы,
Кідалі вёску сваю…»

Савецкія ўлады спрабавалі схаваць маштабы трагедыі. Аднак павышаны радыяцыйны фон быў зафіксаваны на атамнай станцыі ў шведскім Форсмарку. Толькі пасля гэтага 28 красавіка ТАСС зрабіў кароткую заяву пра «інцыдэнт» на Чарнобыльскай АЭС, істотна занізіўшы небяспеку.

Вялікай траўмай стала і перасяленне. Было эвакуявана больш за 135 000 чалавек.

Людзі гублялі дамы і гаспадаркі, пераязджалі ў цесныя кватэры. Новабудоўлі часта былі нізкай якасці, а многія сем’і гадамі жылі ў інтэрнатах.

Асабліва цяжка было старэйшым людзям, прывязаным да зямлі. Некаторыя трымалі жывёлу нават у гаражах і на балконах. Перасяленцы сутыкаліся і з сацыяльнай дыскрымінацыяй, цяжкасцямі з працаўладкаваннем, псіхалагічным ціскам. Дзеці таксама часта станавіліся ахвярамі булінгу.

«Чарнобыльскі шлях»

Супраць замоўчвання і хлусні выступіў Беларускі народны фронт на чале з Зянонам Пазьняком. Алесь Адамовіч адзначаў, што гэта стала пераломным момантам: улады пачалі баяцца грамадскага гневу. БНФ арганізоўваў акцыі, распаўсюджваў інфармацыю, падтрымліваў пацярпелых. З 1989 года праводзіцца шэсце «Чарнобыльскі шлях».

А створаны пры дапамозе БНФ Камітэт «Дзеці Чарнобыля» дапамог мільёнам людзей, а дзясяткі тысяч дзяцей атрымалі аздараўленне за мяжой.

Вялікую ролю адыграла і беларуская эміграцыя. У ЗША, Канадзе і Вялікабрытаніі ствараліся фонды, якія збіралі сродкі і лекі. Нягледзячы на перашкоды з боку савецкіх уладаў, дапамога даходзіла да Беларусі. Эмігранты таксама інфармавалі Захад пра рэальныя маштабы трагедыі.

Асаблівым кірункам сталі аздараўленчыя паездкі дзяцей. Часта іх прымалі беларускія сем’і ў эміграцыі. Адна з дзяўчат узгадвала: «У Нью-Джэрсі мяне прынялі беларусы, якія размаўлялі па-беларуску. Гэта было дзіўна — у Беларусі я амаль не чула мовы, а там яна гучала штодня».

Чарнобыль стаў не толькі экалагічнай катастрофай, але і маральным прысудам савецкай сістэме. Ён паказаў сапраўдны кошт чалавечага жыцця ў СССР, і розную яго вартасць для беларусаў і жыхароў Масквы, Яраслаўля ды іншых гарадоў Расеі.

P.S. Пра гэтую і іншыя цікавыя гісторыі вы можаце даведацца больш у нашым дакументальным цыкле «Адлік», прысвечаным найноўшай гісторыі Беларусі. Глядзіце выпуск па спасылцы