© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Дзень Незалежнасці, які яшчэ будзе

Дзень Незалежнасці для любой дзяржавы - галоўнае нацыянальнае свята, якое яднае людзей і выклікае гонар за сваю краіну. Аднак у Беларусі ўсё склалася інакш. Ужо шмат гадоў вакол Дня Незалежнасці не сціхаюць спрэчкі, а сама афіцыйная дата 3 ліпеня, мякка кажучы, успрымаецца неадназначна. Бо, яшчэ адносна нядаўна свята Незалежнасці адзначалася у зусім іншы дзень.

16 марта 2026

27 ліпеня VS 3 ліпеня: хто мае рацыю?

Чаму так сталася і чаму за спрэчкамі вакол гэтай даты хаваецца значна шырэйшы дыскурс пра гісторыю, дзяржаўнасць і сучаснасць? Разбіраемся ў нашым матэрыяле.

Напрыканцы 1980-х гадоў Савецкі Саюз імкліва змяняўся. Эканамічныя праблемы назапашваліся гадамі, а распачатая Міхаілам Гарбачовым перабудова ўжо не магла спыніць крызіс, які ахапіў усю сістэму. І тое, што яшчэ ўчора здавалася непарушным, сёння хісталася і распаўзалася па швах.

“Перабудова”, частковы плюралізм і аслабленне кантролю з боку саюзнага цэнтра прывяло да росту грамадскай і палітычнай актыўнасці ў саюзных Рэспубліках. Там  пачалі адкрыта абмяркоўваць пытанні, якія раней знаходзіліся пад цэнзурай – уласную гісторыю, нацыянальную культуру, і права самастойна вызначаць сваю будучыню.

Ідэі суверэнітэту, якія яшчэ нядаўна гучалі толькі сярод дэсідэнтаў і рамантыкаў на перыферыі грамадскага жыцця, імкліва набіралі папулярнасць.

Першымі пра свой суверэнітэт заявілі краіны Балтыі. Яшчэ ў 1988 годзе адпаведную дэкларацыю прыняла Эстонія. Неўзабаве яе прыкладу паследавалі Літва і Латвія.

Падобныя працэсы адбываліся і на Каўказе.

Беларусь, хоць і лічылася савецкай «Вандэяй»,  таксама чакала пераменаў, але сітуацыя тут выглядала інакш.

 Калі ў краінах Балтыі пытанне незалежнасці ўжо адкрыта стаяла на парадку дня, то ў БССР значная частка палітычнай эліты не бачыла неабходнасці ў дзяржаўным суверэнітэце і разлічвала на далейшае захаванне Савецкага Саюза, хай і ў абноўленым выглядзе. Ментальна іх сталіцай па-ранейшаму заставалася Масква. Таму гаворка ішла не пра выхад са складу СССР, а пра троху большую самастойнасць у вырашэнні мясцовых пытанняў.

Тым не менш перамены былі непазбежнымі. Вясной і летам 1990 года пытанне пра будучыню Беларусі ўсё больш актыўна абмяркоўвалася ў грамадстве. У авангардзе гэтых працэсаў  знаходзіўся Беларускі Народны Фронт, які адкрыў беларусам праўду пра Курапаты і наступствы Чарнобыльскай катастрофы, а таксама паслядоўна адстойваў права беларусам самастойна вызначаць лёс сваёй краіны.

27 ліпеня. Дзень, які змяніў усё

Значны ўклад у будучы «парад суверэнітэтаў» унесла супрацьстаянне паміж кіраўніцтвам РСФСР на чале з Барысам Ельцыным і саюзным цэнтрам, які ўзначальваў Міхаіл Гарбачоў. Ельцын імкнуўся вывесці Расію з-пад кантролю саюзнага кіраўніцтва і замацаваць прыярытэт расійскага заканадаўства над законамі СССР.

12 чэрвеня 1990 года З'езд народных дэпутатаў РСФСР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР. Фактычна Расея – задэкларавала незалежнасць ад СССР. Гэты крок стаў важным сігналам і для іншых саюзных рэспублік.

Ужо ў чэрвені 1990 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР стварыў спецыяльную камісію для падрыхтоўкі ўласнай Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Праца над дакументам суправаджалася вострымі дыскусіямі. Аднымі з найбольш паслядоўных прыхільнікаў беларускага суверэнітэту былі дэпутаты апазіцыі Беларускага Народнага Фронту. Менавіта яны актыўна ўздымалі пытанні нацыянальнага адраджэння, пашырэння правоў рэспублікі і яе палітычнай самастойнасці. Большасць жа партыйна-дзяржаўнай наменклатуры па-ранейшаму звязвала будучыню Беларусі з захаваннем Савецкага Саюза, хоць і ў рэфармаваным выглядзе.

Згодна Дэкларацыі, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу».

Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

Фармальна БССР яшчэ заставалася часткай Савецкага Саюза, аднак значэнне гэтага рашэння было велізарным. Упершыню на афіцыйным узроўні былі замацаваныя прынцыпы, на якіх у далейшым будавалася беларуская дзяржаўнасць – падмурак быў закладзены.

Аднак сама дэкларацыя яшчэ не азначала поўнай незалежнасці. Больш за год Рэспубліка жыве быццам па-старому.

Але праз год усё імкліва мяняецца: ў жніўні 1991 года група высокапастаўленых савецкіх кіраўнікоў паспрабавала адхіліць Міхаіла Гарбачова ад улады і захаваць Савецкі Саюз у ранейшым выглядзе зладзіўшы так званы "Путч ГКЧП".

Спроба перавароту правалілася, але яго наступствы аказаліся лёсавызначальнымі. 

Стала відавочным, што СССР аслабеў і як дзяржава імкліва рухаецца да распаду.

Гэтым здолелі скарыстацца беларусы, а калі дакладней – нацыянальны авангард. Менавіта пад яго ўплывам і ціскам 25 жніўня 1991 года камуністычны  Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. З гэтага моманту яе палажэнні набылі поўную юрыдычную сілу, а 27 ліпеня афіцыйна стала Днём Незалежнасці Беларусі — галоўным дзяржаўным святам маладой рэспублікі. На плошчы гэту падзею віталі тысячы беларусаў.

Аднак імклівае развіццё падзей, за якім грамадства не заўсёды паспявала, прывяло да таго, што стаўленне да гэтага гістарычнага акта з самага пачатку было неадназначным. Для адных яно сімвалізавала нараджэнне незалежнай беларускай дзяржавы, для іншых — пачатак распаду Савецкага Саюза, а для большасці грамадзян заставалася проста новай афіцыйнай датай у календары.

Асаблівае значэнне 27 ліпеня надаваў дэмакратычны рух, галоўнай сілай якога ў той час быў той самы авангард -  Беларускі Народны Фронт. Дэмакратычна настроеная частка грамадства ўспрымала гэтую дату як пачатак новага этапу беларускай дзяржаўнасці і сімвал пераменаў, да якіх імкнулася на працягу папярэдніх гадоў. Паводле розных ацэнак, падтрымка такіх ідэй у краіне дасягала каля 20%, а ў Мінску на піку магла набліжацца да 40%. Аднак большасць грамадства займалася банальным выжываннем.

Значна больш стрыманым было стаўленне да свята з боку былой савецкай наменклатуры, якая захавала свае пазіцыі ва ўладзе.

Хоць дата афіцыйна адзначалася, праводзіліся ўрачыстыя мерапрыемствы і сходы, таго значэння, якое ёй надавалі прыхільнікі нацыянальнага руху, у дзяржаўных кабінетах не было. Для многіх прадстаўнікоў улады 27 ліпеня заставалася хутчэй фармальнай дзяржаўнай датай, чым сапраўдным сімвалам незалежнасці. Частка палітычнай эліты па-ранейшаму звязвала будучыню Беларусі з нейкай формай абноўленага саюза вакол Масквы і не ўспрымала незалежнасць як канчатковы і незваротны выбар. Таму сама дата не стала для іх важным днём.

Розныя погляды на незалежнасць былі прыкметнымі і сярод першых кіраўнікоў краіны. Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч падтрымліваў захаванне беларускага суверэнітэту, аднак далёка не заўсёды падзяляў падыходы БНФ і часта выступаў за пошук кампрамісаў з чырвонымі. Кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч , наадварот, апіраўся на чырвоных дырэктароў і усё актыўнее казаў пра больш цесную інтэграцыю з Расіяй. Ужо ў 1992 годзе ён дапускаў магчымасць беларуска-расійскай канфедэрацыі, а ў 1993 годзе прасоўваў ідэю адзінай рублёвай зоны.

Такім чынам, у першыя гады незалежнасці дзень 27 ліпеня не набыў той значнасці і масштабу, якое належыць падобным дзяржаўным святам, і нават стаў адлюстраваннем больш шырокага разыходжання ва ўяўленні пра будучыню Беларусі.

Менавіта ў такой атмасферы краіна падышла да 1994 года – часу першых прэзідэнцкіх выбараў і прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Перамога Лукашэнкі ў многім вызначыла далейшы лёс беларускай незалежнасці ў цэлым і Дня Незалежнасці ў прыватнасці. Зразумець гэта няцяжка, калі паглядзець на падыходы, погляды і дзеянні новага кіраўніка краіны.

Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў Лукашэнка, будучы дэпутатам, публічна выступаў супраць распаду Савецкага Саюза. Ён не галасаваў 25 жніўня 1991 года за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. А пазней неаднаразова называў распад СССР найвялікшай трагедыяй.

Пасля прыходу да ўлады паступова пачаў пераглядацца шлях краіны, які склаўся ў першыя гады незалежнасці. У 1995 годзе па ініцыятыве Лукашэнкі на рэферэндуме бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, пад якімі Беларусь сустрэла незалежнасць, былі замененыя на сцяг і герб, што былі калькай з сцягу БССР.

Для прыхільнікаў нацыянальна-дэмакратычнага руху гэта стала сур'ёзным ударам, паколькі менавіта гэтыя сімвалы яны звязвалі з адраджэннем беларускай Нацыі і дзяржаўнасці.

Аднак гаворка ішла не толькі пра дзяржаўныя сімвалы. Узмацнялася інтэграцыя з Расіяй, выбудоўвалася прэзідэнская вертыкаль, зачыняліся незалежныя СМІ.

На гэтым фоне дата 27 ліпеня выглядала для ўлады ўсё больш нязручнай. Яна была непасрэдна звязаная з набыццём Беларуссю незалежнасці ад СССР, што, як вядома, Лукашэнка неаднаразова называў адной з найбуйнейшых геапалітычных катастроф. Акрамя таго, гэтая дата трывала асацыявалася з нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі, якія ў сярэдзіне 1990-х былі галоўнымі палітычнымі апанентамі новай улады.

Аднак аднаасобна змяніць дату Дня Незалежнасці Лукашэнка не мог. Таму восенню 1996 года разам з прапановамі аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю на рэспубліканскі рэферэндум было вынесена і пытанне аб пераносе Дня Незалежнасці з 27 ліпеня на 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі ў 1944 годзе.

Што не так з 3 ліпеня?

Улада тлумачыла гэты выбар асаблівым значэннем Другой сусветнай вайны ў беларускай гісторыі. Паводле афіцыйнай логікі, менавіта вызваленне Мінска сімвалізавала вызваленне беларускай зямлі і павінна было стаць датай, здольнай аб'яднаць большасць грамадзян незалежна ад іх палітычных поглядаў.

Крытыкі ж гэтай ініцыятывы бачылі ў ёй спробу адсунуць на другі план дату, непасрэдна звязаную з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, і замяніць яе падзеяй савецкай гісторыі.

Аднак такая аргументацыя выглядала вельмі супярэчлівай. Перш за ўсё кідалася відавочная неадпаведнасць – 3 ліпеня з'яўляецца датай вызвалення ад нацыстаў Мінска, але далёка не ўсёй Беларусі. На той момант немалая частка тэрыторыі рэспублікі з такімі гарадамі як Гродна і Брэст ўсё яшчэ заставалася пад нямецкім кантролем, а поўнасцю Беларусь была дэакупаваная толькі напрыканцы ліпеня.

Акрамя таго, сама ідэя звязваць Дзень Незалежнасці з 3 ліпеня выклікала сур'ёзныя пярэчанні. Пасля выгнання нямецкіх войскаў Беларусь не стала незалежнай дзяржавай, а яшчэ амаль паўстагоддзя заставалася часткай СССР, не валодаючы ні паўнавартасным дзяржаўным суверэнітэтам, ні самастойнай знешняй палітыкай. Больш за тое, вяртанне савецкай улады ніякім чынам не азначала набыцця свабоды, а ўяўляла сабой змену адной таталітарнай сістэмы другой, хай і не настолькі нялюдскай. Таму сувязь паміж вызваленнем Мінска ад немцаў і Днём Незалежнасці выглядала, мякка кажучы, нацягнутай.

Гаворка ішла пра два розныя погляды на беларускую гісторыю. Для аднаго боку галоўным арыенцірам заставалася савецкая версія мінулага, заснаваная на кульце Вялікай Айчыннай вайны. Для другога – рэальнае набыццё дзяржаўнага суверэнітэту і з'яўленне незалежнай Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў.

Па выніках рэферэндуму восенню 1996, які праходзіў са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, прапанова аб пераносе Дня Незалежнасці была прынята. Пасля гэтага 3 ліпеня стала афіцыйным Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а дата 27 ліпеня страціла статус галоўнага дзяржаўнага свята.

Аднак перамогі на рэферэндуме было недастаткова. Новую дату трэба было замацаваць у грамадскай свядомасці і напоўніць яе зместам. Менавіта гэтым беларускія ўлады займаліся ў наступныя гады, паступова ператвараючы 3 ліпеня ў адно з галоўных дзяржаўных свят краіны.

Цэнтральнае месца ў святкаванні занялі вайсковыя парады, урачыстыя цырымоніі, канцэрты і масавыя мерапрыемствы. Праз дзяржаўныя СМІ, установы культуры і сістэму адукацыі замацоўвалася афіцыйная версія гісторыі, у якой незалежнасць Беларусі звязвалася не з падзеямі пачатку 1990-х гадоў, а з савецкім мінулым.

Для пакалення беларусаў, якія выраслі пасля рэферэндуму 1996 года, менавіта 3 ліпеня стала звыклым і адзіным афіцыйным Днём Незалежнасці. З цягам часу ўсё менш людзей памяталі, што першапачаткова гэтае свята было звязана з прыняццем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і нараджэннем незалежнай беларускай дзяржавы.

Паступова ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнай самастойнасці выцясняліся з публічнай прасторы, саступаючы месца, культу Вялікай Айчыннай вайны і канцэпцыі «русского мира».

Свята, якое не ўдалося сцерці

Аднак цалкам сцерці памяць пра 27 ліпеня ўладам так і не ўдалося. Нягледзячы на страту афіцыйнага статусу, гэтая дата не знікла з грамадскага жыцця Беларусі. Для нацыянальна арыентаванай часткі беларускага грамадства яна працягвала заставацца сапраўдным Днём Незалежнасці.

На працягу наступных дзесяцігоддзяў нацыянальна-дэмакратычныя сілы працягвалі адзначаць 27 ліпеня. Напрыканцы 1990-х і ў пачатку 2000-х гадоў да гэтай даты прымяркоўваліся мітынгі, шэсці і іншыя публічныя акцыі. Як і ў выпадку з Днём Волі, традыцыя адзначэння не знікла.

На працягу наступных дзесяцігоддзяў нацыянальна-дэмакратычныя сілы працягвалі адзначаць 27 ліпеня. Напрыканцы 1990-х і ў пачатку 2000-х гадоў да гэтай даты прымяркоўваліся мітынгі, шэсці і іншыя публічныя акцыі. Як і ў выпадку з Днём Волі, традыцыя адзначэння не знікла.

Важную ролю ў захаванні памяці пра 27 ліпеня адыгрывалі незалежныя медыя. З году ў год яны нагадвалі пра гісторыю гэтага свята, расказвалі пра прыняцце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і падкрэслівалі, што менавіта гэтая дата была першым афіцыйным Днём Незалежнасці Беларусі.

Гэтая дата з'явілася не ў выніку чыёйсьці палітычнай волі або рашэння чыноўнікаў. Яна стала вынікам глабальных гістарычных працэсаў, калі беларусы, як і іншыя народы былога СССР, скарысталіся вакном магчымасцяў для таго, каб абвесціць незалежнасць, вызначаць уласны лёс і будаваць сваю дзяржаву.

Свята можна прыбраць з афіцыйнага календара. Можна замяніць дзяржаўныя сімвалы. Можна дзесяцігоддзямі навязваць іншую версію гісторыі. Але змяніць мінулае немагчыма.