© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Мінская вясна - 96

«Мінская вясна — 1996» стала адным з самых яскравых эпізодаў найноўшай гісторыі Беларусі. Распавядзем, чым яна так адметная, чаму ўвайшла ў палітычную гісторыю і як дала назву праваабарончаму руху.

3 июня 2026

У пачатку 1996 года ў Беларусі хуткімі тэмпамі будавалася прэзідэнская вертыкаль і ўзмацнялася ўлада Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля рэферэндуму 1995 года, праведзеным са шматлікімі парушэннямі, для праціўнікаў Лукашэнкі стала відавочным: Беларусь ідзе хуткімі тэмпамі да антынацыянальнай аўтарытарнай сістэмы.

Увасабленнем новай палітыкі стаў разгон дэпутатаў Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце вясной 1995 года, якія абвясцілі галадоўку супраць Рэферэндуму.

Пасля гэтага ў незалежнай прэсе ўсё часцей стала гучаць пра тое, што ўлада пераходзіць да адкрытых сілавых метадаў.

Але, нават не гэта стала галоўнай прычынай будучых масавых пратэстаў. Галоўным чыннікам сталі агучаныя планы па шчыльнай інтэграцыі Беларусі і Расіі. На пачатку 1996 года ўлады рыхтавалі падпісанне саюзнай дамовы з Масквой.

Беларуская апазіцыя ўспрымала гэта як пагрозу незалежнасці і спробу паглынання з боку Расіі. У газетах, улётках і самім грамадстве усё часцей гаварылі пра тое, што Лукашэнка здае краіну пад кантроль Масквы.

Пачатак “Мінскай вясны”

Адной з першых акцый будучай Мінскай вясны стаў мітынг 15 сакавіка 1996 года — у Дзень Канстытуцыі Беларусі. Тая акцыя ў парку імя Янкі Купалы была ціхай і спакойнай і, здавалася, не несла ніякай пагрозы ўладзе. Аднак ужо праз дзесяць дзён сталіцу захлынуць па-сапраўднаму масавыя пратэсты, а Мінская вясна стане гарачай.

Дзень Волі

Ужо 24 сакавіка 1996 года на Дзень Волі ў Мінску адбылося шэсце, пасля якога стала зразумела: супрацьстаянне паміж уладай і вуліцай выйшла на новы, раней нябачаны ўзровень.

На святкаванне гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі на вуліцы Мінска выйшлі да 30 тысяч чалавек. Пратэстоўцы прарвалі міліцэйскія кардоны на плошчы Незалежнасці і каля Галоўпаштамта, пасля чаго выйшлі на галоўны праспект горада.

Удзельнікі шэсця ішлі па праспекце Скарыны з забароненымі бел-чырвона-белымі сцягамі і лозунгамі супраць саюзнай дамовы з Расіяй. Падчас акцыі, па прапанове Сяргея Антончыка, людзі сабралі грошы «на квіток Лукашэнку да Масквы» — у адзін бок.

Пасля мітынгу частка пратэстоўцаў накіравалася да будынка тэлецэнтра, патрабуючы даць Зянону Пазняку магчымасць выступіць у эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Менавіта там, ля Тэлецэнтра адбыліся першыя жорсткія сутыкненні з сілавікамі.

Трэба адзначыць, што На тую акцыю ў Мінск прыехалі людзі з розных рэгіёнаў краіны і пасля яе завяршэння ў цэнтры многія ўдзельнікі пешшу вярталіся ў бок вакзала. Але на праспекце калоны пратэстоўцаў жорстка атакавалі АМАП і міліцыя, пралілася крывя. Людзі спрабавалі чыніць супраціў, адбіваць затрыманых. Беларусы чарговы раз разбурылі міф пра «ціхі і пакорлівы народ».

Пазней многія відавочцы тых падзей успаміналі, што менавіта 24 сакавіка ўпершыню ўбачылі настолькі жорсткія дзеянні сілавікоў у незалежнай Беларусі. Фатаграфіі збітых дэманстрантаў і кадры сутыкненняў хутка разышліся па незалежнай прэсе і сталі адной з галоўных тэм наступных дзён.

Пасля Дня Волі 96 супраць кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту завялі крымінальныя справы. Амаль адразу пачалі распаўсюджвацца чуткі пра хуткія арышты палітыкаў. Напрыканцы сакавіка лідары БНФ Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык вырашылі сыйсці ў падполле і таемна выехалі з Беларусі ў Кіеў.

Але замест зацішша пратэст толькі ўзмацняўся. Масавыя затрыманні і крымінальная справа не спынілі вулічную актыўнасць. Наадварот, пасля падзей 24 сакавіка Мінск упершыню за многія гады пачаў жыць у чаканні новых буйных акцый.

Горад - наш!

Новы віток палітычнага канфлікту не прымусіў сябе доўга чакаць — 2 красавіка 1996 года Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі ў Маскве дамову аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі. Менавіта гэтая тэма канчаткова стала цэнтральнай для ўсёй «Мінскай вясны».

У той жа дзень у Мінску адбылося масавае шэсце-пратэст. Паводле розных ацэнак, на вуліцы выйшла больш за 30 тысяч чалавек, пераважна моладзь. Галоўнымі лозунгамі былі: «Луку — на муку!», «Незалежнасць!» і «ОМОН — в Чечню!», дзе ў той час ішла вайна.

Міліцыя спрабавала разагнаць калону, атакавала яе ззаду, але чалавечае мора зноў выплёсквалася на праспект. У выніку калона дэманстрантаў больш за тры гадзіны рухалася па цэнтральных вуліцах сталіцы.

АМАП ужываў дубінкі, спрабаваў праводзіць затрыманні, аднак спыніць акцыю пратэсту ўжо не мог. Для ўлады гэта стала сур’ёзным сігналам: пратэст не толькі не знік, але і захаваў сваю масавасць.

Чарнобыльскі шлях – дзень вулічнай вайны

З кожным наступным днём напружанасць у Мінску працягвала расці. Усё больш размоў ішло ўжо не пра мінулыя мітынгі, а пра будучую акцыю ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы. Такім чынам, запланаванае на 26 красавіка шэсце паступова ператваралася ў галоўны палітычны пратэст усёй вясны.

У грамадстве ўсё актыўней абмяркоўваўся магчымы сілавы сцэнарый. Хадзілі чуткі пра падрыхтоўку жорсткага разгону і нават пра магчымую перакідку ў Мінск расійскага спецназа. Незалежныя газеты амаль штодня пісалі пра будучую акцыю, а ў апазіцыйным асяроддзі ўсё часцей гучала меркаванне, што 26 красавіка можа стаць найбуйнейшым пратэстам за ўвесь час існавання незалежнай Беларусі.

Рыхтавалася і мінская моладзь са спальных раёнаў, якая яшчэ нядаўна хадзіла «раён на раён», а цяпер збіралася ўжо па новым прынцыпе: «раён — на ОМОН».

У той год спаўнялася дзесяць гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але ў 1996-м тэма трагедыі ўжо канчаткова пераплялася з палітыкай. На вуліцы выходзілі не толькі дзеля памяці пра катастрофу, але і праз страх перад тым, у якім кірунку рухаецца сама краіна.

26 красавіка калоны пачалі збірацца каля Акадэміі навук яшчэ да поўдня. Праспект Скарыны паступова запаўняўся бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі і людзьмі, якія прыехалі ў Мінск з іншых гарадоў. Паводле ацэнак, у акцыі ўдзельнічал– да 60 тысяч.

Адной з галоўных тэм у калонах стала вяртанне Зянона Пазняка. Пасля крымінальнай справы супраць кіраўніцтва БНФ і выезду ў Кіеў многія не разумелі, ці рызыкне ён увогуле з’явіцца ў Мінску. Таму навіна пра яго вяртанне амаль адразу маланкай разышлася па ўсім натоўпе.

На акцыі былі і прадстаўнікі ўкраінскіх нацыяналістаў з арганізацыі УНА-УНСО. Падзеі ў Беларусі яны ўспрымалі не як чужы канфлікт, а як частку агульнага супрацьстаяння з расійскім імперыялізмам. Пасля падпісання дамовы Лукашэнкі і Ельцына арганізацыя вырашыла адправіць сваіх актывістаў у Мінск на акцыю пратэсту. Пазней лідар УНА-УНСА Дзмітрый Карчынскі ўспамінаў, што частка актывістаў дабіралася ў Беларусь паўлегальна, стараючыся абысці міліцэйскі кантроль яшчэ на мяжы. Актывісты прабіраліся праз балоцістыя ўчасткі памежжа, начавалі ў вёсках, а ўжо потым невялікімі групамі збіраліся ў Мінску. У самой калоне унсоўцы ніяк не вылучаліся сярод астатніх дэманстрантаў, каб пазбегнуць прэвентыўных арыштаў. Але падчас сутыкненняў сітуацыя рэзка змянілася – украінцы хутка паднялі свае сцягі, пашыхтаваліся ў шчыльныя шэрагі і актыўна ўпісаліся ў прарыў міліцэйскіх кардонаў. Для беларускіх сілавікоў настолькі арганізаваны супраціў стаў поўнай нечаканасцю.

Менавіта УНА-УНСО потым часта звязвалі з самымі жорсткімі эпізодамі вулічных сутыкненняў Чарнобыльскага шляху. Пасля акцыі беларускія ўлады асудзілі семярых членаў арганізацыі на рэальныя тэрміны. Гісторыя хутка выйшла за межы Беларусі – афіцыйны Кіеў дамагаўся вызвалення арыштаваных. Дзякуючы гэтаму ўжо ў 1997 годзе большасць асуджаных выйшла на волю.

Іншай яскравай падзеяй падчас мітынгу стала абвешчаная Зянонам Пазняком хвіліна маўчання па Джахару Дудаеву. За некалькі дзён да акцыі расійскія войскі забілі лідара рэспублікі Ічкерыя ракетным ударам. На фоне першай чачэнскай вайны для часткі беларускай апазіцыі гэта было сімвалам рэваншызму з боку Масквы. Пры гэтым для многіх жыхароў Беларусі такія дзеянні тады выглядалі незразумела і нават шакавальна. Асноўную інфармацыю пра вайну большасць людзей атрымлівала з расійскіх тэлеканалаў ОРТ і РТР, дзе чачэнская кампанія падавалася як барацьба з "баевікамі" і аднаўленне "канстытуцыйнага парадку". Таму хвіліна маўчання па Дудаеву прагучала як жорсткі палітычны маніфест супраць расійскага імперыялізму, сэнс якога для многіх людзей стане зразумелым толькі праз дзесяцігоддзі.

Калі калоны рушылі па праспекце Скарыны, стала відаць, што звычайным шэсцем усё ўжо не скончыцца. На шляху стаялі кардоны міліцыі, АМАПа і ўнутраных войскаў. У раёне вуліцы Янкі Купалы, Нямігі і прылеглых вуліц калоны пачалі разразаць і адцісняць. Пратэстоўцы спрабавалі прарываць ланцугі, адбіваць затрыманых і зноў збірацца пасля разгонаў. Але неўзабаве сутыкненні ператварыліся ў сапраўдны вулічны бой. У бок сілавікоў ляцелі дрэўкі сцягоў, камяні, бутэлькі, кавалкі асфальту і падручныя прадметы. Менавіта тады з’явіліся знакамітыя кадры, якія пазней стануць сімваламі Мінскай вясны – перакуленыя міліцэйскія машыны пасярод праспекта, хаос на вуліцах і збітыя людзі.

Што цікава, падчас сутыкненняў пратэстоўцы змаглі адбіць у АМАПа частку шчытоў.

Пасля акцыі ўлады заявілі пра сотні пацярпелых сілавікоў. Аднак незалежная прэса і ўдзельнікі падзей лічылі гэтыя лічбы моцна завышанымі і абвінавачвалі рэжым у спробе апраўдаць будучыя рэпрэсіі і масавыя арышты. Пры гэтым сам факт жорсткага супраціву пратэстоўцаў ужо ніхто не адмаўляў – Мінск упершыню ўбачыў настолькі жорсткія вулічныя сутыкненні паміж апазіцыяй і сілавікамі.

Пасля мітынгу пачаўся масавы "хапун". Людзей затрымлівалі ўжо не толькі падчас сутыкненняў, але і пазней – каля ГУМа, на Нямізе, на прыпынках і ў падземных пераходах. Хапалі тых, хто нёс сцягі і плакаты, ці меў нейкую сімволіку. Пры гэтым пад затрыманні траплялі і выпадковыя мінакі.

У момант разгону і арыштаў цэнтр Мінска ператварыўся ў стыхійную акцыю салідарнасці. Жыхары дамоў уздоўж праспекта Скарыны і суседніх вуліц адчынялі пад’езды, хавалі ў сябе збітых удзельнікаў, перавязвалі раны і пакідалі людзей перачакаць начныя зачысткі. Жанчыны сярэдняга і старэйшага ўзросту спрабавалі адбіваць падлеткаў і студэнтаў у міліцыі, спрачаліся з амапаўцамі і закрывалі сабой затрыманых, выдаючы іх за сваіх дзяцей.

На наступны дзень незалежныя газеты выйшлі з фотаздымкамі перакуленых міліцэйскіх машын, збітых пратэстоўцаў і вулічных сутыкненняў у цэнтры Мінска. Дзяржаўныя СМІ, наадварот, спрабавалі прадставіць тое, што адбылося, як беспарадкі невялікай групы радыкалаў. Але для тых, хто быў у горадзе 26 красавіка, было відавочна – Беларусь упершыню сутыкнулася з настолькі жорсткім вулічным супрацьстаяннем паміж уладай і апазіцыяй. Пасля гэтага ўжо немагчыма было рабіць выгляд, што ў краіне ідзе звычайны ціхі палітычны канфлікт. Гэта быў сапраўдны вулічны крызіс – з масавымі сутыкненнямі, сілавым разгонам і супрацівам, якога Беларусь яшчэ не ведала.

Як Мінская вясна змяніла Беларусь

Пасля Чарнобыльскага шляху Мінск ужо не мог вярнуцца да ранейшай атмасферы. Падзеі 26 красавіка сталі галоўным брутальным палітычным супрацьстаяннем таго часу, але сама Мінская вясна на гэтым не скончылася. Наадварот, пасля Шляху канфлікт паміж уладай і пратэстнай вуліцай канчаткова перайшоў у новую фазу.

У наступныя дні пачаліся вылічэнні ўдзельнікаў, іх арышты і допыты. Людзей шукалі па фотаздымках і відэазапісах, пасля чаго супраць часткі затрыманых узбуджалі крымінальныя справы. Адначасова з гэтым Лукашэнка зладзіў жорсткі разнос сілавікам за дзеянні падчас Шляху. Улады былі незадаволеныя тым, што пратэстоўцы здолелі аказаць настолькі сур’ёзны супраціў наўпрост у цэнтры Мінска.

Але нават такі ціск не спыніў пратэсты. Ужо 1 мая ў Мінску зноў прайшоў масавы мітынг, арганізаваны Мікалаем Статкевічам і прафсаюзамі дзе ўпершыню людзі палілі партрэты з Лукашэнкам. Ужо па традыцыі гэтая акцыя зноў скончылася жорсткім разгонам з боку АМАПа.

Пасля красавіцкіх і майскіх падзей рэзка змянілася і атмасфера ў грамадстве. Для адной часткі людзей пратэсты сталі сімвалам супраціву дыктатуры і барацьбы за незалежнасць краіны. Для другой – наадварот, доказам таго, што апазіцыя вядзе краіну да хаосу і вулічнага гвалту, як пра гэта пастаянна паўтаралі дзяржаўныя газеты і тэлебачанне. Менавіта пасля вясны 1996 года беларускае грамадства стала значна больш палітычна падзеленым.

Адметнай асаблівасцю пратэстаў вясны 1996 года была моладзь. Газета "Свабода" пазней пісала, што каля трох чвэрцяў удзельнікаў пратэстаў былі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. У калонах было вельмі шмат студэнтаў, нефармалаў і футбольных фанатаў. Для часткі мінскай моладзі пратэсты паступова ператвараліся не проста ў палітычныя акцыі, а ў асобнае гарадское асяроддзе са сваёй сімволікай, музыкай, газетамі і колам зносін.

Вельмі важным наступствам тых падзей стала і валанцёрская дапамога затрыманым. Пасля масавых арыштаў сваякі і сябры ўдзельнікаў акцый пачалі шукаць людзей па аддзяленнях міліцыі, судах і бальніцах. У горадзе паступова ўзнікла цэлая сетка валантэраў, якія збіралі інфармацыю пра затрыманых, перадавалі перадачы, шукалі адвакатаў і дапамагалі сем’ям арыштаваных.

У тую ж вясну група аднадумцаў на чале з будучым нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім заснавала ініцыятыву «Вясна-96» для дапамогі людзям, затрыманым пасля Чарнобыльскага шляху і іншых акцый пратэсту.

Асобную ролю ў падзеях тых месяцаў адыграла і незалежная прэса. Фотаздымкі перакуленых міліцэйскіх машын, збітых пратэстоўцаў, сутыкненняў каля Свіслачы і разгонаў калон разышліся па газетах і сталі аднымі з самых вядомых палітычных кадраў дзевяностых гадоў у Беларусі.

Але Мінская вясна засталася не толькі на старонках газет і ва ўспамінах відавочцаў. Ужо праз некалькі тыдняў па Беларусі пачалі разыходзіцца VHS-касеты з незалежнай відэахронікай пратэстаў. Для тысяч людзей у рэгіёнах гэта была першая магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць, што насамрэч адбывалася ў Мінску – прарывы кардонаў, уцёкі АМАПа, масавыя сутыкненні. Гэтая падпольная відэахроніка стала адным з першых прыкладаў альтэрнатыўнага медыя-супраціву ў Беларусі.

Вясна 1996 года атрымалася пераломнай і для аднаго з найбольш значных палітыкаў таго часу – Зянона Пазняка. Чарнобыльскі шлях стаў яго апошнім буйным публічным выступленнем у Беларусі – пасля гэтых падзей ён канчаткова эміграваў за мяжу.

Калі глядзець на падзеі Мінскай вясны больш шырока, то пратэсты 1996 года не прывялі да змены ўлады ў Беларусі. Лукашэнка захаваў кантроль над краінай, а сілавы апарат пасля тых падзей толькі ўзмацніўся. Аднак адначасова, дзякуючы актыўнай пазіцыі грамадства, сарваўся і сцэнар глыбокай інтэграцыі з Расіяй. Для многіх удзельнікаў пратэстаў менавіта гэта стала галоўным вынікам Мінскай вясны – Беларусь не была поўнасцю паглынута Масквой.

Мінская вясна 1996 года засталася ў гісторыі не толькі праз Чарнобыльскі шлях ці вулічныя баі ў цэнтры Мінска. Яна стала момантам, калі ў незалежнай Беларусі ўпершыню ў такім маштабе сутыкнуліся дзве зусім розныя мадэлі будучыні краіны. Менавіта таму хроніка тых падзей, фотаздымкі калон з бел-чырвона-белымі сцягамі, перакуленыя міліцэйскія машыны і кадры разгонаў потым яшчэ шмат гадоў будуць вяртацца ў беларускую палітычную памяць.

P.S. Пра гэтую і іншыя цікавыя гісторыі вы можаце даведацца больш у нашым дакументальным цыкле «Адлік», прысвечаным найноўшай гісторыі Беларусі. Глядзіце выпуск па спасылцы