© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Беларус у Кіеве

Мінск і Кіеў — дзве сталіцы, якія яшчэ зусім нядаўна злучаў штодзённы цягнік «белы бусел»: мінчукі ездзілі ў Кіеў пагуляць на выходныя і зрабіць пакупкі, а кіяўляне ў Мінск па профільныя медычныя паслугі.

30 января 2026

Сёння мінчукі пад ботам таталітарызму, а ў Кіеве вайна.

Але, як аказваецца, у Кіеве застаюцца беларусы: тыя, хто ваюе, валанцёрыць або проста працягвае жыць. Як гэта там, у нашым матэрыяле.

Ці можна? А як? Гэта бяспечна?

Першыя пытанні, якія ўзнікаюць у галаве, калі чуеш, што нехта з беларусаў скіраваўся ва Украіну.

Дзелімся ўласным кейсам.

Першыя складанасці, з якімі вы сутыкняцеся ў такой паездцы, гэта перасцярогі з боку кіроўцаў падчас пасадкі на ўкраінскія аўтобусы.

Грамадзян Рэспублікі Беларусь часта стараюцца «скінуць як баласт» яшчэ да адпраўлення транспарту. І справа тут не ў антыпатыях. Проста беларусы на ўкраінскай мяжы абавязаныя праходзіць спецыяльныя працэдуры, што дадае транспарту ад 1 до 5 гадзін чакання.

Праз гэта многія кіроўцы не хочуць звязвацца з уладальнікамі пашпартоў з «капустай» і адфутбольваюць іх яшчэ пры пасадцы ў Польшчы.

Але гэта не прыгавор: можна папрасіцца даехаць толькі да мяжы, а далей вырашаць усё на месцы. Важна адразу папярэдзіць кіроўцу, што чакаць вас пасля не трэба.

Беларусы там

Беларуская дыяспара ва Украіне сёння ацэньваецца прыкладна ў 100 000 чалавек. Прынамсі толькі каля 25 000 беларусаў жывуць у Чарнігаўскай вобласці, дзе падчас уварвання расейскіх захопнікаў было забіта каля 700 мірных жыхароў.

Падставамі для ўезду беларусаў ва Украіну могуць быць гуманітарная місія, медыяпраца, наяўнасць ВНЖ/ПМЖ, пахаванне сваякоў і іншыя прычыны. У любым выпадку канчатковае рашэнне прымае старэйшы змены памежнікаў пасля ўзгаднення з Кіевам.

Калі вы плануеце вяртацца ў Беларусь, варта паклапаціцца, каб на мяжы штамп паставілі ў міграцыйную картку, а не ў пашпарт.
Адбітак аб перасячэнні ўкраінскай мяжы ў пашпарце можа выклікаць залішнія падазрэнні пры вяртанні ў Беларусь.

Калі чэргі і дакументы застаюцца ў нядаўнім мінулым, прыходзіць час рухацца далей.
Пасля кантролю і дазволу на ўезд украінскія памежнікі падсаджваюць вас на іншы транспарт у патрэбны бок.

Варта ўлічыць: амаль па ўсёй краіне, акрамя Закарпацкай і Чарнавіцкай вабласцей, дзейнічае каменданцкая гадзіна з 00:00 да 05:00.

Ну вось ён, Кіеў

Змагарны Кіеў: засяроджаны, канкрэтны, крыху брутальны, часам хаатычны, але велічны і вельмі сапраўдны.

Людзей на вуліцах стала менш, чым да вайны. Машын - не.

Усё працуе: адчыненыя буйныя гандлёвыя цэнтры, гатэлі, рэстарацыі на любы густ.

Днём і ноччу гучыць «паветраная трывога». Таму для адаптацыі патрэбныя дзень-два на перазагрузку, і далей пачынаеш убудоўвацца ў тутэйшы дзэн. Ён фарматуе і прымае цябе, і ўжо праз кароткі час ты настройваешся на яго камертон.

Праз тыдзень ужо пачынаеш сумнявацца: а ці так трэба ў тую Варшаву?
Бо жыццё яно тут, дзе адчуваеш гістарычны нерв і сваю арганічнасць з людзьмі і часам.

Але галоўнае ў Кіеве гэта людзі. Яны тут вельмі розныя, адметныя, і на іх прыемна проста глядзець. Шмат замежнікаў, сустракаюцца нават турысты.

У мужчын амаль зніклі яскравыя колеры: дамінуюць чорны і хакі. Відавочна, што нават мода адчула на сабе адбітак вайны.

Жанчыны тут «неперавершаныя» і відавочна натхняюць сваіх мужчын.

Хоць людзі сталі больш засяроджанымі і стрыманымі, усё роўна бачная прага жыцця, нязломнасць і вера ў лепшае, што перадаецца вечнаму гораду.

Тут пачынаеш адчуваць іншыя грані, цябе напаўняе гонар за украінцаў і ўпэўненасць: Вольны Кіеў непераможны. А значыць, і Украіна непераможная!