© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Ад Зыбіцкай да Цівалі: невядомая гісторыя тусовак у сталіцы

А ці ведалі вы, якая частка Менску была галоўным тусовачным месцам у ХІХ стагоддзі? Калі па сакрэце — гэта зусім не Зыбіцкая.

#спецпроекты
8 января 2026

Сёння яна носіць імя вядомага расійскага паэта, а яшчэ паўтары стагоддзя таму тут віравала сапраўдная еўрапейская атмасфера. Гаворка ідзе пра колішняе прадмесце Цівалі, дзе цяпер знаходзіцца метро Пушкінская і яе ваколіцы.

Дык як жа сённяшнія "пушкары" сталі "Зыбай" мінулых часоў? А пачалося ўсё ў далёкім Капенгагене, дзе ў 1843 годзе з’явіўся модны парк Цівалі. Тут табе былі і захапляльныя атракцыёны, і яскравыя тэатральныя выступы, і процьма вытанчаных кавярняў і рэстарацый. Што цікава, дацкі парк існуе і сёння, з’яўляючыся самым папулярным у Скандынавіі і адным з самых наведвальных у Еўропе.

Убачыўшы хуткі поспех моднага парку ў Капенгагене, менскі прадпрымальнік нямецкага паходжання Тэафіл Гольцбэрг загарэўся ідэяй перанесці гэтую хайпавую франшызу на беларускую глебу. Так, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, за заходнім ускрайкам горада, ва ўрочышчы Шырокае Балота, з’явіўся парк Цівалі. Неўзабаве тут паўсталі летні тэатр, атракцыёны, рэстарацыя, сядзіба, вятрак і іншыя пабудовы. Акрамя гэтага, госці маглі пабавіцца ў бадмінтон, пракаціцца на конях ці ровары, альбо проста прагуляцца і адпачыць на свежым паветры.

Цівалі айчыннай вытворчасці з нямецкім топ-мэнэджэрам хутка ўвайшлі ў трэнды. Гольцбэргу сапраўды ўдалося пераўтварыць ускраек Менска ў куток моднай еўрапейскай культуры. Сюды з задавальненнем прыязджалі адпачываць шматлікія прадстаўнікі багемы і інтэлігенцыі. Сярод іншых, у Цівалі бавілі час нашы славутыя землякі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Уладзіслаў Сыракомля.

Такім чынам, Цівалі сталі яркай адметнасцю і ўвайшлі ў тапанімічны брэнд Менска.