© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Анамальныя месцы сталіцы

Менск, канешне, не Хогвартс, але ў кожнага горада з гісторыяй ёсць свой цёмны, містычны бок. Легенды пра праклятыя месцы, будынкі з дрэннай славай і анамальныя з’явы дзесяцігоддзямі перадаюцца паміж жыхарамі, стаючы часткай гарадскога фальклору. Нягледзячы на вобраз сучаснага мегаполіса, беларуская сталіца даўно абрасла ўласнымі таямніцамі. І калі адыйсці са звыклых маршрутаў, на мапе горада і сёння можна знайсці месцы, дзе рэальнасць так цесна пераплялася з містыкай, што аддзяліць адно ад другога ўжо не атрымаецца. Мы сабралі для вас некалькі такіх гісторый…

#спецпроекты
21 мая 2026

«Дынама» на касцях

У былыя часы Менск налічваў мноства старадаўніх могілак, аднак у XX стагоддзі большую частку з іх знішчылі.

Адна з такіх гісторый звязана з тэрыторыяй цяперашняга стадыёна «Дынама», дзе раней знаходзіліся яўрэйскія могілкі, якія існавалі з XVI стагоддзя.

У 1930-я гады падчас будаўніцтва спартыўнага аб'екта магілы зраўнялі з зямлёй, а частку надмагілляў цынічна выкарысталі ў будаўнічых мэтах. Ужо значна пазней, у 1990–2000-я гады, агроном стадыёна Ігар Варгас прызнаўся ў інтэрв'ю, што рэгулярна знаходзіў чалавечыя косці проста на гульнявым полі, даглядаючы газон.

Фактычна гульні на галоўнай спартыўнай арэне краіны амаль сто год адбываюцца на касцях.

Захаваліся ўзгадкі пра тое, як падчас знішчэння могілак рабочыя сутыкнуліся з чымсці звышнатуральным. Нешта невядомае не давала ім дэмантаваць яўрэйскую святыню — каменны саркафаг мінскага кабаліста Ехіэля Гальперына. Калі ж рабочыя ўсё-такі вырашылі разбурыць яго, некалькі чалавек атрымалі сур'ёзныя траўмы. З-за страху перад прахам яўрэйскага містыка грабніцу вырашылі не разбураць, а перанесці на тэрыторыю суседняй бальніцы.

Белая Пані

Аднак некаторыя старыя некропалі ўсё ж перажылі мінулае стагоддзе разам са сваімі змрочнымі таямніцамі. Менавіта такой рэпутацыяй акружана менская Кальварыя – найстарэйшыя могілкі горада, дзе ўжо больш за сто гадоў расказваюць гісторыю пра прывід Белай Пані.  

Напрыканцы XIX стагоддзя тут пахавалі маладую дзяўчыну, якая ўпала ў летаргічны сон. Ачуняўшы ўжо ў склепе, яна не змагла выбрацца вонкі і загінула ў пакутах. Пасля гэтага сярод надмагілляў пачалі бачыць прывідную жаночую постаць у светлым адзенні. Кажуць, што і ў наш час Белая Пані з'яўляецца ў лістападаўскія ночы – менавіта ў тыя дні, калі адбылася гэтая трагедыя.

Праклятыя дамы

У Менску ёсць уласныя "праклятыя дамы". Адным з такіх месцаў стаў добравядомы шматпавярховік па адрасе Няміга, 8, што за ГЦ “Няміга”. За ім дзесяцігоддзі цягнецца рэпутацыя "дома самагубцаў". Такую змрочную мянушку звязваюць з анамальна высокай колькасцю звядзення рахункаў з жыццём, што адбываліся тут у розныя гады.

Па-сапраўднаму жудасную гісторыю захоўвае і стары будынак Гасцінага двара на плошчы Свабоды.  

3 студзеня 1946 года там праходзіў першы пасляваенны навагодні баль-маскарад. На святочны вечар запрасілі больш за пяцьсот чалавек – выдатнікаў вучобы, актывістаў і дзяцей дзяржаўных служачых. Падчас свята раптоўна ўспыхнуў пажар, які за лічаныя хвіліны ахапіў памяшканне. Афіцыйна паведамлялася толькі пра 27 загінулых, аднак рэальныя маштабы трагедыі былі значна большымі. Пасля той ночы за будынкам надоўга замацавалася змрочная рэпутацыя  "дома мёртвых".

Менскія палтэргейсты

Асобнае месца ў менскай містыцы займаюць гісторыі пра палтэргейсты. Адзін з самых вядомых выпадкаў адбыўся вясной 1981 года ў сям’і сталічнай медработніцы, якая жыла з дзвюма дачкамі. У кватэры пачалі самі па сабе адчыняцца замкі, падаць і перамяшчацца рэчы, а некаторыя прадметы ўвогуле сталі лятаць па пакоі.

Неўзабаве сям’я збегла ў вёску Слабада Смалявіцкага раёна, дзе жыла бабуля, аднак чартаўшчына працягнулася і на новым месцы. Сведкамі таго, што адбывалася, станавіліся міліцыянты з псіхіятрамі, якія прыязджалі на месца, аднак растлумачыць прыроду з’яў так і не змаглі.

У 2002 годзе падобная гісторыя адбылася ў кватэры на вуліцы Авангарднай, 50. Там адбываліся самаўзгаранні мэблі, дэфармаваліся прадметы, разбіваліся люстэркі, выходзіла са строю электраправодка. Гаспадыня кватэры звярталася ў міліцыю, МНС, да святароў і даследчыкаў анамальных з’яў, аднак, як і ў выпадку дваццацігадовай даўніны, растлумачыць тое, што адбывалася, так і не ўдалося.

Нават неаторыя гарадскія скульптуры ў Менску маюць змрочны цень. Самай містычнай фігурай сталіцы лічыцца "Прыкурваючы" ў Міхайлаўскім скверы, які нібы просіць у мінакоў цыгарэту.

Прататыпам скульптуры стаў кінапрадзюсар Уладзімір Галынскі, які зрабіў для гэтага злепак з уласнага твару. Тады ён нібы жартам сказаў: «Калі горад не дазволіць паставіць скульптуру, то яна паслужыць мне помнікам». Словы аказаліся прароцкімі — кінапрадзюсер загінуў яшчэ да завяршэння працы, а адкрыццё «Прыкурваючага» адбылося на саракавы дзень пасля яго смерці.

Магчыма, гэтыя гісторыі камусці пададуцца гарадскімі легендамі. Аднак вядома, што жыхары сталіцы, на ўсякі выпадак, стараюцца абыходзіць пэўныя менскія куткі бокам.