© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Прывіды са сталічнай прапіскай

Многія чулі пра прывідаў ў Мірскім ці Гальшанскім замку, альбо гісторыю пра дух Барбары Радзівіл з Нясвіжа – гэтыя сюжэты даўно сталі своеасаблівымі беларускімі містычнымібрэндамі.

#спецпроекты
28 апреля 2026

Але і ў Менска хапае сваіх таямнічых гісторый… А ці ведалі вы, што сталічных прывідаў можна сустрэць у розных кутках горада? Часта мы праходзім міма гэтых месцаў, нават не думаючы, якія таямніцы яны хаваюць.

Наша першая гісторыя звязана з самым сэрцам горада, Менскай ратушай. У цэнтры гісторыі – фігура шляхціца Міхаіла Валадковіча.

Дзякуючы свайму ўплывоваму сябру, магнату Каралю Радзівілу, па мянушцы «Пане Каханку», ён становіцца чальцом менскага магістрата. Аднак праз пастаянныя гулянкі, бойкі і скандалы Валадковіч хутка набывае славу эксцэнтрычнага і праблемнага чалавека. Калі чаша цярпення была перапоўнена, чальцы магістрата вырашылі пазбавіцца ад свайго адыёзнага калегі, але максімальна ціха і непублічна, каб «Пане Каханку» не паспеў яго выратаваць.

12 лютага 1760 года Валадковіча схапілі. Перад пакараннем яму прапанавалі споведзь, але ён адмовіўся і выгнаў святара. Пасля гэтага шляхціца расстралялі. З таго часу, паводле паданняў, неспакойны дух Валадковіча з’яўляецца каля ратушы. Яго бачаць напярэдадні маладзіка, у такія ж цёмныя ночы, як і тады, калі яго пакаралі.

Таму наведнікі суседняй Зыбіцкай часам могуць сустрэць за вуглом прывіда не толькі праз «пары зялёнага змію», але і як рэальную, хай і містычную з’яву. І прывід шляхціца далёка не адзіны ў гэтай частцы сталіцы. Зусім побач з Менскай ратушай працуе гатэль «Манастырскі». Ён размешчаны ў будынку XVII стагоддзя, які калісьці належаў манахам-бернардзінцам.

Аднак у апошняе стагоддзе тут знаходзіліся далёка не духоўныя ўстановы: турма, ваенная камендатура, пракуратура. Менавіта з гэтым месцам звязваюць гісторыю пра прывід манаха.

Сведкі апісваюць постаць у доўгім адзенні, якую бачаць у былых манастырскіх калідорах. Пастаяльцы і супрацоўнікі таксама распавядаюць пра трывожныя і жахлівыя сны, дзіўныя гукі, крокі ў пустых калідорах і іншыя невытлумачальныя з’явы.

Але блукаюць прывіды не толькі ў цэнтры, перанясемся ў адно з самых маляўнічых месцаў Менска – Лошыцкі парк. Галоўны мясцовы прывід звязаны з Ядвігай Любанскай, жонкай апошняга ўладальніка сядзібы Яўстафія Любанскага. Яны ажаніліся ў 1890 годзе, маючы 17-гадовую розніцу ва ўзросце.

Ядвіга славілася сваёй прыгажосцю, і ёй прыпісваліся шматлікія раманы на баку. У чэрвені 1905 года ў Лошыцкай сядзібе адбыўся баль з нагоды дня народзінаў гаспадыні. Сярод гасцей быў граф Эмерык Чапскі, з якім, па чутках, Ядвігу звязвалі пачуцці.

Падчас свята Яўстафій нібыта ўбачыў жонку ў яго абдымках, і пасля балю паміж сужэнцамі адбыўся цяжкі скандал. Пасля гэтага Ядвіга знікла. Неўзабаве цела прыгажуні знайшлі каля зліцця Лошы і Свіслачы.

Абставіны яе гібелі так і не былі канчаткова высветлены – адны казалі пра няшчасны выпадак, іншыя – пра самагубства пасля скандалу. Аднак нярэдка гучаць і больш змрочныя намёкі пра датычнасць самога гаспадара сядзібы. Пасля яе смерці Яўстафій пасадзіў на месцы, дзе знайшлі цела жонкі, маньчжурскі абрыкос. У час яго цвіцення ў парку можна пабачыць жаночы сілуэт у белым адзенні. Часцей за ўсё яго заўважаюць каля вады і на алеях сядзібы. Сустрэча з прывідам Ядвігі лічыцца добрым знакам, які дапамагае ў любоўных справах.

Але містычнае жыццё сталіцы не абмяжоўваецца толькі класічнымі сюжэтамі.

Напрыклад, у раёне вуліцы Леніна і плошчы Свабоды распавядаюць пра прывід рудога ката. Яго звязваюць з доктарам Вільгельмам Гіндэнбургам, які працаваў у Менску ў XIX стагоддзі. Яшчэ пры жыцці за ім пачаў хадзіць вялікі руды кот, якому далі мянушку Бургамістр. Ён суправаджаў лекара паўсюль – ад дома да пацыентаў, ідучы нават за карэтай. Пасля смерці доктара ў 1877 годзе Бургамістра працягвалі бачыць яшчэ доўгі час. Кажуць, і сёння кіроўцы часам рэзка тармозяць на пустым пераходзе, нібыта нейкая рудая здань перабегла дарогу, але, аглядзеўшыся, не бачаць нікога побач.

Акрамя духа ката ў Менску ёсць і прывідная пляма, якую немагчыма адмыць.

Яна з'яўляецца непадалёк ад так званага Дома з гадзіннікам – будынка на праспекце Незалежнасці, 16. У 1908 годзе на гэтым месцы стаяў гатэль "Гарні", дзе адбылася трагічная гісторыя. 19-гадовая Вера Холмская кахала эсэра Ярохава, які рыхтаваў замах на губернатара, але быў арыштаваны. Хутка паліцыя прыйшла і да самой дзяўчыны, якая жыла ў "Гарні". У адчаі Вера выкінулася з чацвёртага паверха на тратуар і разбілася. З таго часу побач з гэтым месцам стала з’яўляцца крывавая пляма. Колькі яе ні спрабавалі адмыць, але ўсё безвынікова – пляма знікае сама, а потым узнікае зноў.

Зрэшты, нават сёння сталічную містыку можна сустрэць там, дзе яе зусім не чакаеш. Так, у 2022 годзе ў інтэрнэце з’явілася аб’ява пра продаж "дома з прывідамі". Гаворка ішла пра паўвекавы цагляны катэдж на вуліцы Чакаліна ў Заводскім раёне. Будынак з-за свайго запушчанага выгляду і зарослага ўчастка сапраўды ствараў змрочнае ўражанне.

Да ўсяго вышэйзгаданага можна ставіцца як заўгодна. Але чым больш у гэта ўнікаеш, тым складаней успрымаць сталічных прывідаў як простыя выдумкі, бо сапраўды ў нашым горадзе ёсць нешта невытлумачальнае і загадкавае.