© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Менскі апакаліпсіс. Як вялікі пажар змяніў горад

Сотні згарэлых дамоў, тысячы людзей без жытла, а ў цэнтры – суцэльнае пажарышча. 145 гадоў таму Менск перажыў катастрофу, якая змяніла далейшы лёс горада.

12 октября 2026

Усё пачалося са складоў на рагу Койданаўскай і Багадзельнай – сённяшняе скрыжаванне Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Там захоўвалі смалу, шкіпінар і нафту. Раніцай 3 ліпеня 1881 года склады ўспыхнулі. Пажарныя хутка прыехалі і прыкладна праз гадзіну здолелі стрымаць полымя. Але неўзабаве з каланчы зноў падалі трывогу – гарэла ўжо адразу ў некалькіх частках горада.

Від на Верхні горад з Троіцкай гары, 1863 год

Амаль месяц у Менску не было нармальных дажджоў. Драўляная забудова, якая складала большую частку горада, высахла. А ў дзень пажару да гэтага дадаўся моцны вецер. Ён імгненна разносіў іскры, перакідваючы іх з даху на дах. Новыя ўзгаранні з’яўляліся там, куды пажарныя яшчэ не паспявалі даехаць. Здавалася, што пылае паўсюль.

Драўляны Менск, 1860-я гады

На вуліцах пачаўся хаос. Людзі ў паніцы выбягалі з дамоў, выносячы самае каштоўнае. Рэчы складвалі наўпрост на дарозе, перашкаджаючы праезду, але полымя хутка дабіралася і да іх. Коні палохаліся жару, кідаліся ўбок і перакульвалі пажарныя павозкі.

Сітуацыю ўскладніў недахоп вады – гарадскія запасы хутка скончыліся, а падвоз са Свіслачы ўжо не паспяваў. Жар быў настолькі моцным, што струмені з ручных помпаў часам не даляталі да ахопленых полымем будынкаў.

Да вечара агонь паглынуў 19 кварталаў. Калі перанесці межы таго пажару на сучасны Менск – пылала тэрыторыя ад метро «Фрунзенская» праз усю Нямігу і да праспекта Незалежнасці. За дзень згарэла амаль палова драўляных дамоў горада.

Агонь удалося спыніць толькі праз суткі. Шматлікія вуліцы фактычна зніклі, а сотні дамоў, гаспадарчых пабудоў, крамаў і ўстаноў былі знішчаны. Больш за дзве тысячы менчукоў засталіся без жытла, частка з іх пасялілася ў часовых буданах за межамі горада.

Што стала з Менскам, добра відаць на прыкладзе сучаснай Нямігі. У польскім часопісе «Tygodnik Powszechny» надрукавалі выяву гэтага раёна пасля катастрофы. Ад шчыльнай забудовы амаль нічога не засталося – толькі пустэча, рэшткі сцен і комінаў.

Няміга пасля пажару (выява з часопіса «Tygodnik Powszechny»)

Пажары здараліся ў Менску і раней. Але маштаб катастрофы 1881 года быў такім, што проста аднавіць знішчаныя кварталы ўжо не атрымлівалася. Значную частку горада трэба было будаваць нанова.

Вуліца Койданаўская (сучасная Рэвалюцыйная) пасля пажару (выява з часопіса «Tygodnik Powszechny»)

У выніку вогненны апакаліпсіс, спустошыўшы горад, стаў пачаткам вялікіх перамен, якія змянілі аблічча Менску.

Пасля пажару пачалі пераглядаць агульны план горада. Вузкія і крывыя вуліцы выпрамлялі і пашыралі, межы кварталаў перакройвалі, а на месцы драўлянай забудовы ўзводзілі камяніцы.

Вынік стаў бачны даволі хутка. Ужо праз год пасля здарэння вядомы краязнавец Адам Кіркор адзначаў, што Менск адбудоўваецца ўсё больш да лепшага.

Гравюра Менска, 1880-я гады

Да канца XIX стагоддзя ў горадзе налічвалася каля тысячы мураваных дамоў, а насельніцтва вырасла да 90 тысяч – амаль удвая больш, чым напярэдадні пажару.

Від на цэнтр Менска, пачатак ХХ ст.

Частку таго мураванага Менска можна ўбачыць і сёння. Забудова канца XIX стагоддзя захавалася на Рэвалюцыйнай, Камсамольскай, Інтэрнацыянальнай, Гарадскім Вале і ў Верхнім горадзе.

Старая каменная забудова на сучаснай вуліцы Рэвалюцыйнай

А вось Нямізе пашанцавала значна менш. У савецкі час яе фактычна знішчылі. Камуністы знеслі амаль усю гістарычную забудову, а на яе месцы праклалі шырокую магістраль і ўзвялі шматпавярхоўкі.

Каменная забудова Нямігі на фота Зянона Пазняка ў 1967 г. (сучасны раён вакол Петрапаўлаўскай царквы і Гандлёвага дому на Нямізе)

Такім чынам, вялікі пажар 1881 года стаў канцом аднаго Менска і пачаткам другога. За адзін дзень агонь да непазнавальнасці змяніў значную частку горада, які будаваўся пакаленнямі. А на папялішчы пачаў паўставаць ужо зусім іншы Менск – мураваны. І сёння менавіта яго мы і называем старым.