© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Сенсацыя: першыя «мінчане» з'явіліся яшчэ ў VII стагоддзі

Археолагі зрабілі важнае адкрыццё на рацэ Менка пад Мінскам, ад якой пазней беларуская сталіца атрымала сваю назву – Менск.

#спецпроекты
19 августа 2026

Раскопкі на Малым гарадзішчы паказалі, што славяне, носьбіты пражскай археалагічнай культуры, жылі тут ужо ў VII стагоддзі. Археолагі знайшлі керамiку, упрыгожанні і прасліцы, якія адносяць да гэтага ранняга перыяду.

Гэтыя знаходкі карэнным чынам мяняюць уяўленне пра гісторыю горада, робячы Мінск адным з найстарэйшых гарадскіх цэнтраў Усходняй Еўропы. Раней лічылася, што славяне прыйшлі сюды не раней IX стагоддзя.

Гэта дае падставу яшчэ раз паглядзець на гісторыю Беларусі без звыклых імперскіх шаблонаў пра «старэйшага брата» і «рускі мір»: паміж з'яўленнем паселішча на Менцы і першым узгадваннем Масквы – пяцьсот гадоў!

Ужо ў X стагоддзі Менск быў буйным гарадскім цэнтрам плошчай каля 30–40 гектараў, які ўключаў дзядзінец, акольны горад і пасады. Менавіта гэты комплекс большасць даследчыкаў звязвае з летапісным Менскам, упершыню згаданым у 1067 годзе.

Навукоўцы падчас раскопак зрабілі яшчэ адно важнае адкрыццё. Аказалася, што жыццё на Менцы не спынялася і пасля заняпаду буйнога сярэднявечнага горада ў пачатку XII стагоддзя. Тут працягвала існаваць невялікае паселішча, а пазней – феадальная сядзіба, якая праіснавала аж да XIV стагоддзя.

Пасля разгрому горада войскамі кіеўскіх князёў горад паступова прыйшоў у заняпад, а новы гарадскі цэнтр пачаў фарміравацца ўжо на Свіслачы, у раёне сучаснай сталіцы, але захаваўшы сваю ранейшую назву.

Сёння да вытокаў Мінска можна дабрацца самастойна. Археалагічны комплекс знаходзіцца каля вёскі Гарадзішча Мінскага раёна, прыкладна ў 15 кіламетрах ад МКАД. Побач працуе музей-сядзіба «Стары Менск», дзе можна ўбачыць археалагічныя знаходкі і даведацца больш пра гісторыю горада.

Месца пакуль не перагружана турыстамі, таму можна спакойна прайсціся па старажытных валах, паглядзець на Менку і паспрабаваць уявіць, як тут тысячагоддзе раней жылі людзі, якія стварылі гістарычны падмурак для будучай сталіцы Беларусі.