© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Смаленск – дзе сканчаецца Беларусь?

Смаленск – адно з тых месцаў, пра мінулае якога цяжка меркаваць па сучаснай карце. За сённяшняй дзяржаўнай мяжой застаецца гісторыя, у якой і сам горад, і ўся Смаленшчына на працягу стагоддзяў былі цесна звязаныя з Беларуссю.

4 октября 2026

Войны, новыя межы і палітычныя рашэнні раз за разам змянялі лёс гэтага краю. Але сувязі Смаленшчыны з Беларуссю не зніклі – яны праяўляліся ў розныя гістарычныя эпохі і нагадваюць пра сябе да сёння.

Смаленск – усходні бастыён ВКЛ

На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага Смаленск займаў асаблівае месца. У часы валадарання Вітаўта Вялікага горад канчаткова ўвайшоў у склад дзяржавы і стаў адным з яе галоўных абарончых цэнтраў – брамай, за якой адкрываўся шлях углыб ВКЛ.

Менавіта гэта рабіла Смаленск адной з асноўных мэт Масквы. Барацьба за горад стала часткай працяглага супрацьстаяння дзвюх дзяржаў. У 1514 годзе маскоўскаму войску ўдалося ўзяць Смаленск. Праз некалькі месяцаў войска ВКЛ разграміла ворага пад Оршай і спыніла яго далейшы наступ, але вярнуць сам горад ужо не змагло.

Масква ўтрымлівала Смаленск амаль стагоддзе. У 1611 годзе горад удалося адваяваць і вярнуць у склад ВКЛ, дзе ён стаў цэнтрам Смаленскага ваяводства.

Канчатковы пералом адбыўся ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Новая вялікая вайна з Масквой зноў змяніла мяжу – Смаленск і значныя ўсходнія тэрыторыі апынуліся пад яе ўладай. Андрусаўскае перамір’е 1667 года толькі замацавала тое, што перад гэтым было вырашана зброяй.

Так Смаленск апынуўся па маскоўскі бок мяжы – не як «спрадвечна рускі» горад, які нібыта вярнуўся на сваё месца, а як адзін з усходніх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага, страчаны ў выніку працяглых войнаў з Маскоўскай дзяржавай.

Смаленшчына ў беларускім нацыянальным праекце

Пераход пад уладу Масквы не сцёр беларускай адметнасці Смаленшчыны. У XIX-пачатку XX стагоддзя даследчыкі фіксавалі мясцовыя гаворкі далёка на ўсход ад сучаснай мяжы. Карты Яўхіма Карскага і працы Мітрафана Доўнар-Запольскага паказвалі, што значная частка рэгіёна ўваходзіла ў беларускі моўна-этнаграфічны арэал.

З часам гэтае ўяўленне пра межы набыло палітычны сэнс. У 1918 годзе Трэцяя Устаўная грамата абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і акрэсліла яе тэрыторыю. Да земляў новай дзяржавы дакумент адносіў і Смаленшчыну, што адлюстроўвалася і на тагачасных картах. Прынцып быў сфармуляваны адназначна – у склад БНР павінны былі ўвайсці тэрыторыі, дзе беларускі народ жыў і меў колькасную перавагу.

Але сувязі не абмяжоўваліся толькі картамі. Падчас Першай сусветнай вайны тут жылі і працавалі Янка Купала, Максім Гарэцкі ды іншыя дзеячы нацыянальнага руху. У 1917 годзе дэлегаты са Смаленшчыны разам з прадстаўнікамі Міншчыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны і Гродзеншчыны ўдзельнічалі ў Першым Усебеларускім з’ездзе і вырашалі пытанне пра будучыню новай дзяржавы. Так край разглядаўся як неад'емная частка агульнай нацыянальнай прасторы.

Смаленск – першая сталіца Савецкай Беларусі

Неўзабаве Смаленск стаў цэнтрам ужо іншага беларускага дзяржаўнага праекта – савецкага. Менавіта тут 1 студзеня 1919 года была абвешчаная Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь.

У яе першапачатковыя межы ўвайшлі Мінская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. У самім Смаленску знаходзіўся ўрад на чале са Змітром Жылуновічам – адсюль у першыя дні кіравалі новай рэспублікай. Таму горад цалкам можна лічыць першай сталіцай Савецкай Беларусі.

Пры гэтым у такіх межах рэспубліка праіснавала менш за тры тыдні. Ужо 16 студзеня Масква пастанавіла вывесці з яе складу Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні і перадаць іх РСФСР.

Аднак рашэнне не стала канчатковым. У сярэдзіне 1920-х межы БССР пачалі пераглядаць, і падчас узбуйненняў 1924 і 1926 гадоў Беларусі вярнулі значныя тэрыторыі Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Разам з імі ў склад рэспублікі ўвайшлі Горацкі і Мсціслаўскі паветы, якія да таго належалі да Смаленскай губерні. Але сам Смаленск і большая частка краю засталіся ў РСФСР.

Ад беларусізацыі да сталінскіх рэпрэсій

Новая дзяржаўная мяжа не зрабіла Смаленшчыну менш беларускай. Нацыянальная і моўная адметнасць краю заставалася настолькі відавочнай, што нават улады РСФСР былі вымушаныя з ёй лічыцца. Таму беларусізацыя працягнулася ўжо па расійскі бок мяжы.

Да канца 1920-х гадоў тут працавала больш за 60 беларускіх школ, рыхтаваліся настаўнікі, выкладаліся беларуская мова і беларусазнаўства. У самім Смаленску дзейнічалі беларуская секцыя пры аддзеле народнай асветы і беларускае аддзяленне рабфака. Беларушчына тут мела не эпізадычную, а добра арганізаваную прысутнасць.

Але ў 1930-я гады ўсё гэта трапіла пад удар сталінскай сістэмы. Беларускія школы пераводзілі на рускую мову, нацыянальныя арганізацыі ліквідавалі, а іх дзеячаў рэпрэсавалі. За некалькі гадоў бальшавіцкія рэпрэсіі і русіфікацыя амаль цалкам знішчылі тое арганізаванае беларускае жыццё, якое яшчэ нядаўна адкрыта развівалася на Смаленшчыне.

Вайна, акупацыя і беларускі супраціў

Падчас Другой сусветнай вайны будучыня Смаленска зноў стала адкрытым пытаннем. У планах нямецкіх уладаў Смаленшчына і Браншчына былі ўключаныя ў Генеральную акругу Беларусь, а сам горад разглядалі як яе магчымую сталіцу. На практыцы, аднак, Смаленшчына засталася пад вайсковым кіраваннем – праз блізкасць фронту і актыўныя баявыя дзеянні цывільную адміністрацыю тут так і не ўвялі.

У самім Смаленску тым часам разгортваўся нацыянальны рух. Тут працаваў Радаслаў Астроўскі – уплывовы палітык таго часу, пазней прэзідэнт протаўраду «Беларускай Цэнтральнай Рады». У 1942–1943 гадах на Смаленшчыне дзейнічала падпольная сетка «Беларускай Незалежніцкай Партыі» – арганізацыі, якая ставіла за мэту стварэнне самастойнай нацыянальнай дзяржавы. Яе структуры разгортвалі Міхал Вітушка і Дзмітрый Касмовіч. Адначасова яны ішлі на тактычную супрацу з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй – гэта давала магчымасць легальна ствараць беларускую самаахову і іншыя ўзброеныя фарміраванні.

Палітычная і вайсковая дзейнасць ішла побач са спробамі наладзіць культурнае і асветніцкае жыццё. Планы прадугледжвалі адкрыццё ў Смаленску школ з навучаннем па-беларуску і шырэйшае выкарыстанне беларускай мовы ў гарадскіх установах, але ажыццявіць іх цалкам не змаглі. Адначасова аднаўлялася і царкоўнае жыццё – у 1942 годзе была створаная Смаленская і Бранская епархія ў складзе Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Пасля вяртання савецкай улады нацыянальны рух быў вымушаны сысці ў падполле. Адной з галоўных яго структур была Беларуская Вызвольная Армія, або «Чорны кот», на чале якой стаяў ужо згаданы Міхал Вітушка. Пасляваенны супраціў ахопліваў этнічныя беларускія землі, у тым ліку Смаленшчыну. Тут дзейнічалі партызанскія групы і нелегальныя структуры, выходзіла паўстанцкая газета «Пад абцасам маскалёў». Узброеная барацьба ў рэгіёне працягвалася да пачатку 1950-х гадоў.

Мяжа, якая рухалася

Нават пасля вайны мяжа паміж Беларуссю і Смаленшчынай працягвала змяняцца. У 1964 годзе сем населеных пунктаў Смаленскай вобласці разам з 2256 гектарамі зямлі перадалі Мсціслаўскаму раёну Магілёўскай вобласці. Ініцыятыва зыходзіла ад саміх жыхароў – пасля адміністрацыйных пераўтварэнняў да беларускага Мсціслава ім было значна бліжэй, чым да расійскага райцэнтра.

А ў 1990 годзе гаворка зайшла ўжо пра значна больш маштабную змену мяжы. Група дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, сярод якіх быў і лідар Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазняк, сустрэлася ў Маскве з дэпутатамі РСФСР ад Смаленскай вобласці. Яны абмяркоўвалі магчымасць пераходу часткі раёнаў Смаленшчыны ў склад Беларусі і правядзення там рэферэндуму.

Смаленскія дэпутаты паставіліся да гэтай прапановы вельмі прыхільна. На іх думку, большасць мясцовых жыхароў падтрымала б такі пераход. Абмяркоўвалася нават перасяленне на гэтыя маланаселеныя землі беларусаў з тэрыторый, забруджаных пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Але ўжо ў наступным годзе СССР распаўся, Беларусь стала незалежнай дзяржавай, а былыя ўнутраныя межы саюзных рэспублік ператварыліся ў дзяржаўныя. Ідэя рэферэндуму на Смаленшчыне так і засталася нерэалізаванай.

Смаленшчына зноў шукае сваю будучыню

У XXI стагоддзі пытанне пра будучыню Смаленшчыны паўстала па-новаму. Цяпер гаворка ішла ўжо пра асобную Смаленскую Рэспубліку – самастойную дзяржаву ў цесным саюзе з Беларуссю.

Сучасны смаленскі незалежніцкі рух пачаў фарміравацца яшчэ да з’яўлення ўласнай палітычнай арганізацыі. Праект, вядомы спачатку як «Смаленская зямля» і «Смаландыя», прасоўваў ідэю аднаўлення самастойнай смаленскай дзяржаўнасці, асобнай рэгіянальнай ідэнтычнасці і вяртання Смаленшчыны ў палітычную і культурную прастору Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

У жніўні 2023 года ў Варшаве быў створаны Смаленскі рэспубліканскі цэнтр. Яго ўзначаліў былы дэпутат Смаленскай абласной думы Уладзіслаў Жывіца, які адкрыта выступіў за выхад Смаленшчыны са складу Расіі. Будучую рэспубліку ўдзельнікі руху бачаць самастойнай дзяржавай, цесна звязанай з Беларуссю, а таксама Літвой, Польшчай і Украінай.

Паступова гэтая канцэпцыя пачала набываць рысы ўжо не проста палітычнага лозунга, а цэласнай мадэлі будучай дзяржавы. Быў распрацаваны «Вярхоўны статут» Смаленскай Рэспублікі – праект яе канстытуцыі, прапанаваныя дзяржаўныя сімвалы і мадэль улады. Асобнае месца адводзіцца мове і гістарычнай памяці – разам з рускай у будучай рэспубліцы прапануецца замацаваць беларускую і старасмаленскую мовы. Апошнюю ўдзельнікі руху звязваюць з беларускім моўным арэалам.

Беларусь займае цэнтральнае месца ў канцэпцыі гэтага руху. Яго прадстаўнікі звязваюць смаленскую ідэнтычнасць з гісторыяй ВКЛ і разглядаюць Беларусь і Смаленшчыну як часткі блізкай гістарычнай і культурнай прасторы. Пазней гэтыя ідэі атрымалі працяг і ва Усходне-Крыўскай платформе, якая аб’яднала смаленскіх і пскоўскіх рэгіяналістаў вакол ідэі супольнай «Крывіі» і супрацоўніцтва з Беларуссю.

Так, праз некалькі стагоддзяў пасля страты Смаленска Вялікім Княствам Літоўскім і праз больш як сто гадоў пасля спрэчак вакол межаў БНР і Савецкай Беларусі пытанне пра будучыню Смаленшчыны вярнулася ў палітычную дыскусію. Толькі цяпер размова ідзе ўжо не пра далучэнне рэгіёна да Беларусі, а пра асобную Смаленскую Рэспубліку, якая бачыць Беларусь сваім найбліжэйшым гістарычным і палітычным партнёрам.

Смаленск па-за мяжой, але не па-за беларускай гісторыяй

Сёння Смаленск знаходзіцца ў складзе Расіі, і дзяржаўная мяжа можа ствараць уражанне, што так было заўсёды. Але мінулае рэгіёна паказвае зусім іншае. Горад быў усходнім цэнтрам ВКЛ, Смаленшчына ўваходзіла ў беларускі этнаграфічны і палітычны арэал, а яе прадстаўнікі ўдзельнічалі ў нацыянальным руху. Менавіта тут была абвешчаная Савецкая Беларусь.

Нават пасля таго, як Смаленшчына засталася па-за межамі БССР, беларуская прысутнасць тут не знікла. Яна захоўвалася ў адукацыі, культурным жыцці, палітычных і царкоўных структурах, узброеным супраціве, а напрыканцы існавання СССР – нават у спробе перагледзець мяжу.

І сёння гэтая гісторыя не застаецца толькі ў архівах. Ідэя асобнай Смаленскай Рэспублікі вярнула ў палітычную дыскусію пытанне пра ідэнтычнасць рэгіёна і яго сувязі з Беларуссю.

Смаленск можа знаходзіцца за беларускай мяжой, але аддзяліць яго ад беларускай гісторыі немагчыма.