© Все права защищены. Использование материалов допускается при указании источника.

Справядлівасць па-слуцку

У гэтым матэрыяле мы распавядзем вам пра малавядомую старонку недалёкай беларускай гісторыі, якая ніяк не ўпісваецца ў міф пра нібыта памяркоўных беларусаў.

27 января 2026

Слуцк у 1960-я гады выглядаў як ціхі раённы цэнтр БССР. Улады не чакалі тут масавых выступаў ці хваляванняў і блізка не маглі ўявіць, што менавіта Слуцак стане месцам адной з самых драматычных падзей у пасляваеннай гісторыі рэспублікі.

У 1967 годзе тут адбылося тое, што здараецца, калі народ сам бярэцца наводзіць справядлівасць.

У верасні 1967 года ў Слуцку знайшлі цела маладога рабочага Аляксандра Нікалаеўскага. 
Паводле афіцыйнай версіі, ён памёр пасля збіцця, якое адбылося ў пад’ездзе аднаго з дамоў. Але ўжо ў першыя дні пасля трагедыі па горадзе папаўзлі чуткі — смерць Нікалаеўскага не простая «бытавуха», а злачынства, у якім замяшаныя прадстаўнікі ўлады.

Асноўным падазраваным стаў Генадзь Гапановіч — на той момант загадчык аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама, дэпутат гарсавета і сябра КПСС. 
Разам з ім фігурантам справы стаў ягоны сваяк Леанід Сыцько. 
Для мясцовых гэта выглядала як самавольства «мажораў» у дачыненні да працоўнага чалавека. 
Да агульнага абурэння дадаліся і чуткі, якія ў той час мелі вялікую сілу. Казалі, што бацька Гапановіча падчас вайны нібыта служыў у немцаў карнікам.

10 кастрычніка 1967 года ў Слуцку пачаўся судовы працэс. Гапановічу і Сыцько было прад’яўлена абвінавачанне ў хуліганстве, за што ім пагражала да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Але народ хацеў бачыць справядлівасць у выглядзе смяротнага пакарання.

Пад сценамі суда пачаў збірацца натоўп з дзясяткаў мясцовых жыхароў. На наступны дзень гэта былі ўжо сотні чалавек, а 12-га чысла — ужо некалькі тысяч. У натоўпе можна было пачуць: «Дайце нам душагуба!», «Мы патрабуем справядлівага суда!» і нават антысавецкія лозунгі.

Кульмінацыяй стала, калі пасля пасяджэння людзі паспрабавалі адбіць падсуднага Гапановіча ў канваіраў, каб зладзіць над ім самасуд. 
Да будынка падцягнуліся сілы міліцыі і вайскоўцаў, якія пусцілі ў натоўп газ, каб вывесці суддзяў і галоўнага падсуднага. Людзі ў сваю чаргу пачалі закідваць сілавікоў камянямі і ўсім, што траплялася пад рукі.

Усёж Гапановіча хітрыкам удалося вывезці, пераапрануўшы ў міліцэйскую форму.

Але людзі былі ўпэўненыя, што забойца яшчэ знаходзіцца ўнутры. І натоўп пайшоў на радыкальны крок — будынак суда быў падпалены. Агонь хутка ахапіў драўляныя сцены і знішчыў пабудову. У пажары загінула суддзя Галіна Аляксеева. 
Пазней ад атрыманых траўмаў памёр міліцыянт Станіслаў Тарута, яго памылкова прынялі за падсуднага Гапановіча і забілі натоўпам.

На жаль, справа, якая пачыналася як патрабаванне справядлівасці, ператварылася ў трагедыю з чалавечымі ахвярамі.
Для партыйнага кіраўніцтва тое, што адбылося ў Слуцку, было сапраўдным шокам. Масавы народны бунт, падпал суда, антысавецкія лозунгі, смерці дзяржаўных служачых — усё гэта выглядала як страшэнны сон. 
У горад тэрмінова прыбылі партыйныя функцыянеры, супрацоўнікі КДБ, следчыя з Мінска і Масквы.

У выніку каля 70 чалавек былі прыцягнутыя да той ці іншай адказнасці за ўдзел у масавых беспарадках. 
Два чалавекі — Мікалай Грынюк і Іван Папоў — былі расстраляныя за падпал суда, іншыя атрымалі розныя тэрміны аж да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Што тычыцца таго самага Генадзя Гапановіча, то самасуд над ім так і не адбыўся. 
Ён атрымаў 8 гадоў зняволення і адбываў пакаранне пад Воршай, адкуль пазней быў пераведзены на вольнае пасяленне. 
Пасля вызвалення жыў у Баранавічах, пісаў вершы.

Ягоны лёс выглядае парадаксальна: чалавек, вакол якога ўскіпеў цэлы горад, пасля трагедыі жыў спакойна — у адрозненне ад тых, хто за бунт заплаціў жыццём або свабодай.