Расціслаў Лапіцкі ў Кабыльніку і, асабліва, у Мядзельскай школе вылучаўся моцнымі антыкамуністычнымі і патрыятычнымі настроямі. Былая вучаніца школы Захарэвіч успамінала крылаты выраз юнака: «Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль — спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю — знішчы яе». Сваіх думак і перакананняў не хаваў, з юначым запалам адстойваў іх нават на ўроках. У памяці колішніх мядзельскіх і кабыльніцкіх школьнікаў, жыхароў абодвух мястэчак і навакольных вёсак Расціслаў Лапіцкі застаўся як надзвычайная асоба, надзеленая многімі талентамі, са шчырай і добрай душой, адкрытай на чужы боль. Ён выдатна маляваў, добра спяваў і граў на розных музычных інструментах. Меў здольнасці да майстравання і вынаходніцтва: рабіў радыёпрыймачы, змайстраваў электрамашыну, ездзіў на самаробных роварах (у тым ліку з маторам), мог зладзіць выбуховае прыстасаванне, для якога ў пасляваенныя гады яшчэ хапала матэрыялу. Ужо пасля арышту Лапіцкага меншыя вучні Мядзельскай школы на ўроках батанікі і заалогіі яшчэ доўга карысталіся ягонымі плакатамі, намаляванымі каляровымі алоўкамі.